Маўчанне забівае: што агульнага ў Чарнобыльскай і Беларускай АЭС


67-мігадовы Васіль Сіліверст – у Калінкавіцкім раённым шпіталі. У маладосці як афіцэр запасу ён браў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цяпер пра тыя падзеі нагадваюць у тым ліку шмат якія хваробы.

«Я 186 дзён пабыў у гэтым лагеры – стаў інвалідам, і кажуць, што з Чарнобылем гэта не звязана. Няма ніякай абароны. Не было і наўрад ці будзе», – кажа ліквідатар Васіль Сіліверст.

У ноч на 26-га красавіка 1986-га года на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух. Удзень на чацвёртым энергаблоку праводзілі праектавыя выпрабаванні, якія і справакавалі аварыю. У наваколле трапіла вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў – перадусім радыенукліды ёду і цэзію. Першае паведамленне пра здарэнне прагучала ў Прыпяцкім радыё… праз 36 гадзінаў. Толькі на трэція содні пра выбух нарэшце паведамілі шырокай грамадскасці ў праграме «Время».

Навіны пра аварыю ў Чарнобылі падаваліся коратка, суха, ледзь не ў апошнюю чаргу. Пра пагрозу для жыццяў і здароўя людзей казалі выключна замежныя СМІ. А ў савецкіх гарадах на ўсю моц ладзіліся масавыя парады да Першага траўня.

«Людзі жылі ў свеце з крывымі люстэркамі, яны атрымоўвалі інфармацыю вельмі дазаваную, якая не стварала паўнавартаснага ўспрыняцця жыцця і, канечне ж, прыводзіла да таго, што людзьмі можна было маніпуляваць. Вось гэта было галоўнаю задачаю – маніпуляваць людзьмі», – тлумачыць кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог».

Калі таямніцы Чарнобылю раскрытыя, то цяпер беларусаў непакоіць ужо ўласная атамная станцыя ў Астраўцы. Летась 7-га лістапада Аляксандр Лукашэнка адкрыў БелАЭС, з таго часу першы энергаблок ужо некалькі разоў адлучалі ад сеткі. Афіцыйнае тлумачэнне таксама вельмі сціслае: планавае спыненне.

«Міністэрства энергетыкі – орган, які фактычна не адказвае ні на нашыя запыты, ні на запыты грамадзянаў Беларусі, ні на запыты з боку, напрыклад, ураду Літвы», распавядае кіраўнік партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук.

Ці навучыла нечаму аварыя на Чарнобыльскай АЭС сучасныя ўлады Беларусі? Мы спыталі на вуліцах Менску:

«У прынцыпе можна давераць, я думаю. Таго, што было ў 1986-м, не паўторыцца».

«Увогуле нашым уладам я не давяраю ні ў якім пытанні».

«Цяп-ляп – і гатова, неяк пабудавалі, неяк і будзе працаваць, неяк і будзем выжываць, мы ж Беларусь!»

Важны рэгулятар стану рэчаў на БелАЭС – Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Яно сочыць за радыяцыйным фонам. Але ці дастаткова ў МНС самастойнасці, каб у выпадку надзвычайнага здарэння зрабіць неабходную заяву?

«Павінен быць незалежны рэгулятар з боку міністэрства, МНС, якое адказнае і павінна не быць інтэграванае ў структуры ўлады, а быць цалкам незалежным», – лічыць Зміцер Кучук.

Напярэдадні 35-ай гадавіны чарнобыльскай аварыі на сайце БелАЭС з’явілася пасланне ад «неабыякавых працаўнікоў» Астравецкай АЭС. Яны заклікалі цалкам закрыць станцыю праз яе небяспечнасць. У Міністэрстве энергетыкі паведамленне назвалі фэйкам. Пра здарэнні на БелАЭС, на думку Анатоля Лябедзькі, мы наўрад ці даведаемся з афіцыйных крыніцаў. Затое можам разлічваць, што сігнал трывогі пададуць людзі, якія там працуюць.

«Калі б не было інтэрнэту, то мы маглі б сказаць, што 1986-ы год працягваецца ў Беларусі. Аднак інтэрнэт – гэта такая сусветная рэвалюцыя, якая прывяла да таго, што беларускія ўлады вымушаныя мірыцца з тым, што ёсць інтэрнэт, на які яны не маюць уплыву», – кажа Анатоль Лябедзька.

Што праўда, на некаторыя пытанні грамадзянаў улады плануюць адказаць. У найбліжэйшую пятніцу з нагоды планаванага ўводу ў прамысловую эксплуатацыю першага энергаблоку БелАЭС адбудуцца грамадскія слуханні. Зарэгістравацца могуць усе ахвотныя праз папярэднюю рэгістрацыю на сайце «Дзяржатамнагляду».

Ірына Карніенка, «Белсат»