«Грамадства пазбаўленае элементарных правоў». Праваабарончаму цэнтру «Вясна» – 25 гадоў


25-я вясна ў аднайменнага праваабарончага цэнтру. Юбілей хацелася б годна адзначыць, сказаць пра дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека. Аднак свой дзень народзінаў сябры цэнтру «Вясна» правядуць за зборам статыстыкі шматлікіх парушэнняў правоў чалавека, як незаконныя затрыманні, здзек дзяржавы над дэмакратычнай супольнасцю і палітычныя прысуды.

27 гадоў дзейнаму ў Беларусі палітычнаму рэжыму і 25 гадоў – праваабарончаму Цэнтру «Вясна». Патрэба ў праваабарончай арганізацыі паўстала амаль адразу пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Таму замест святкавання вясноўцы сабралі онлайн-канферэнцыю, прысвечаную сур’ёзнай праблеме.

«Зараз мы фактычна знаходзімся ў сітуацыі яшчэ не вайсковага, але цалкам надзвычайнага становішча, калі грамадства пазбаўленае элементарных правоў», – кажа старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі і сам правёў за крамамі амаль 3 гады, да так званай адлігі 2014-га года. Праваабаронцы сярод палітвязняў ёсць і цяпер.

Вясноўцы фіксуюць усе вядомыя ім выпадкі парушэння правоў чалавека, рыхтуюць адпаведныя справаздачы для міжнароднай супольнасці, у прыватнасці для Камітэту правоў чалавека.

Асаблівая ўвага да ўмоваў утрымання ў месцах зняволення, да пераследу ўсіх актывістаў, намаганні па адмене смяротнага пакарання і правядзенні свабодных выбараў, выданні кніжак і аналітычных справаздачаў.

Зміцер Дашкевіч – грамадскі актывіст, абаронца Курапатаў, трапляе ў гэтыя справаздачы зноў і зноў. У ліку некалькіх асобаў яго затрымалі 23-га красавіка ля рэстарацыі «Паедзем-паядзім», збудаванай ля месца масавых расстрэлаў беларусаў карнікамі НКВД. Сёння – затрыманым далі содні, Змітру 20 – найбольш.

«За гэты год другі раз будзе адміністратыўны арышт. Падобны арышт быў у студзені на Курапацкай варце», – кажа Наста Дашкевіч, жонка асуджанага.

У судзе Менскага раёну сёння раздавалі содні таксама арыштаваным напярэдадні за грамадзянскую пазіцыю ў Новай Баравой.

А ў Паставах Ірыну Паляніну суддзя Наталля Максімовіч палічыла вінаватай у абразе кіраўніка мясцовай міліцыі і захоўванні патронаў ад спартовай зброі, за што прысудзіла 2 гады калоніі.

Святлана Бярозка, добраахвотніца, кажа агулам пра адэкватнасць абвінавачанняў для беларусаў:

«Як мне сказаў адзін следчы, «цяпер гэта так трактуецца» імі, а не Законам… Таму ўсё што не падабаецца, расцэньваецца… у тым ліку сімволіка, белыя сэрцайкі на вокнах, лісцікі і стужачкі».

«Вясна» таксама назірала за працэсам 33-гадовай мянчанкі Юліі Якубовіч, якой суддзя Вікторыя Шабуня сёння прысудзіла 2 гады «хатняй хіміі» за нібыта блакаванне дарогі. Жанчына 40 секундаў стаяла са сцягамі на пешаходным пераходзе.

«Людзей затрымліваюць за шкарпэткі, за зефіркі, за тое, што людзі 1 хвіліну паўдзельнічалі ў мірнай акцыі. Гэта неадэкватна. У цяперашняй сітуацыі ў людзей не застаецца выбару. Даводзіцца нейкім чынам выказваць сваю нязгоду. Бо ўсе законныя метады былі пераспрабаваныя яшчэ ў жніўні-верасні», – кажа Юлія Якубовіч.

Падсудным у Жодзіна сёння пашчасціла менш. Траіх чалавек асудзілі на тэрміны да 3 гадоў узмоцненага рэжыму за размалёўку і падпал «Табакерак». За толькі размалёўку шапікаў той жа фірмы – 2 і 2,5 гады «хіміі» Лідзія Целіца прысудзіла абвінавачаным Бераснёву і Сіўцу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»