Спажывецкае крэдытаванне ў Беларусі расце


Усё больш крэдытаў пад нізкія адсоткі прапануюць беларусам. Кожны месяц расце запазычанасць перад банкамі. Новая прапанова – выгадны крэдыт ад «Беларусбанку», але толькі на прадукцыю 32 абраных вытворцаў. Чаго дабіваюцца ўлады такім раздаваннем грошай, і як гэта адаб’ецца на шараговых беларусах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

61 мільён рублёў. Столькі выдаў з пачатку года «Беларусбанк» паводле крэдыту «На родныя тавары». За яго дазволена набываць прадукцыю айчынных арганізацыяў. Напрыклад, тэлевізары – толькі «Віцязь», а мікрахвалёўкі – «Гарызонт». Банк паведаміў, што ўжо заключаныя 12 тысячаў крэдытных дамоваў.

«Натуральна, людзей прыцягвае тое, што стаўкі па ім нізкія. Гэта значыць, 4 % гадавыя – вядома, гэта вельмі нізкая стаўка. На ўзроўні ніжэй за інфляцыю афіцыйную», – зазначае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Увесь мінулы год запазычанасць перад банкамі з боку фізічных асобаў толькі расла. За тры апошнія месяцы 2023 года яна павялічылася на 801 мільён. У снежні агульны доўг склаў больш за 20 мільярдаў рублёў. Гэта новы рэкорд: сума на 20 % большая, чымся ў снежні 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны офіс «Беларусбанка». Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Праблема ў тым, што яны хочуць, каб людзі генеравалі і аддавалі больш грошай. Цяпер людзі, каб выжыць, спрабуюць іх неяк накопліваць у нейкай валюце – можа, у доларах ці еўрах іх пакупаць», – лічыць доктар навук, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Танныя крэдыты на айчынныя тавары – адзін з пунктаў плану для ўтрымання гадавой інфляцыі ў межах 3,5  %. Пра гэта сведчыць дакумент «для службовага карыстання», які «Белсат» атрымаў ад ініцыятывы «BELPOL». Але эксперты мяркуюць, што ёсць і яшчэ некалькі заданняў.

«Гэты крэдыт скіраваны не на барацьбу з інфляцыяй, а на падтрымку беларускіх вытворцаў. Тут яшчэ закранаюцца пытанні імпартазамяшчэння, пра якое дзяржава ўвесь час гаворыць. Вось калі мы паглядзім на пазіцыі ў імпарце халадзільнікаў, тэлевізараў, то якраз у гэтых пазіцыях высокая доля імпарту», – зазначае Настасся Лузгіна.

Летась у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадала прыкладна 2200 рублёў крэдытаў, паводле Нацыянальнага банку Беларусі. І даўгі перад банкамі толькі растуць.

«Гэта шлях грамадзянаў у рабства. Бо калі яны будуць мець замнога даўгоў, яны павінныя будуць іх адпрацоўваць. Гэта яшчэ большы ціск на грамадзянаў», – лічыць Яраслаў Кот.

Эксперты адзначаюць: штучнае разаграванне эканомікі пагражае вялікімі праблемамі ў будучыні. Мяккая грашова-крэдытная палітыка і апераджальны рост заробкаў – гэта драйверы росту не толькі ВУП, але і інфляцыі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»