Лукашэнка: Мусяць быць дзве суверэнныя дзяржавы


«Я прэзідэнт, які адыходзіць, але абсалютна перакананы: хто б ні прыйшоў пасля мяне, гэтая пазіцыя падтрыманая не будзе», – гэтак адказваючы на выбарчым участку на пытанне журналістаў, Лукашэнка ацаніў варыянт аб’яднання Беларусі і Расеі ў адну краіну з уладай у Крамлі. Такі крок, маўляў, зробіць толькі горш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мусяць быць дзве суверэнныя незалежныя дзяржавы, якія, як я казаў, могуць стварыць унікальнае абʼяднанне, якое будзе больш магутным, чым унітарная дзяржава», – заявіў Лукашэнка.

Пытанне задаваў расейскі журналіст, але скіраваная гэтая рыторыка да ўсіх, хто гатовы слухаць, мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валерый Карбалевіч. Тэму, што Лукашэнка здае незалежнасць, шырока абмяркоўваюць і апазіцыйныя палітыкі, і незалежныя медыі, і замежныя аналітыкі.

«Для Лукашэнкі гэта важна, данесці пра тое, што Беларусь суверэнная дзяржава і беларускі суверэнітэт моцны», – лічыць Валерый Карбалевіч.

Сёлета ў студзені міністр фінансаў Расеі Анатоль Сілуанаў падкрэсліў: Крамлю была б выгадная адзіная валюта з Беларуссю. Супраць такіх заяваў таксама скіраваныя словы Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Пул Первого» / Telegram

«Гэта заўвага міністра фінансаў Расеі, што Расеі было б добра, каб была адзіная валюта. Ён, праўда, пасля сказаў, што такіх планаў няма. Планаў няма, а думкі ёсць. І вось рэакцыяй ў тым ліку на тыя думкі і была заява Лукашэнкі», – заўважае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Яшчэ адным важным адрасатам заявы Лукашэнкі, на думку Юрыя Дракахруста, ёсць беларуская наменклатура – апарат, які рэалізуе ўладу рэжыму ў Беларусі. Сярод іх – прыхільнікі «русского мира».

«Гэта прыхаваныя ці нават адкрытыя дэманстрацыя нелаяльнасці людзей гэтага беларускага апарату Лукашэнку, а дэманстрацыя лаяльнасці Расеі, Пуціну. Адна з іх – гэта шаўрон “Вагнэра” на рукаве кіцеля Карпянкова», – кажа Юрый Дракахруст.

Лукашэнка стараецца адмовіцца ад любых міжнародных абавязкаў, што абмяжоўваюць ягоны кантроль над сітуацыяй. Але без Расеі рэжым захістаецца, што паказаў 2020-ты год, адзначае Валер Карбалевіч:

«З аднаго боку расейская падтрымка патрэбная, прычым усялякая – і палітычная, і дыпламатычная, і фінансавая, і эканамічная – патрэбная, каб утрымаць уладу, а з іншага боку – улада мае быць над суверэннай дзяржавай».

Між гэтымі варыянтамі і працягвае манеўраваць Лукашэнка. Тое, што дыктатар працягвае супраціўляцца спробам Крамля інтэграваць Беларусь у межах саюзнай дзяржавы, адзначае і Інстытут вывучэння вайны ў сваёй чарговай справаздачы. І сярод саміх беларусаў, паводле апошняга даследавання міжнароднага экспертнага цэнтру «iSANS», апублікаванага на мінулым тыдні, толькі 4 адсоткі выступаюць за поўны ўваход у Расею.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»