Колькі каштуюць мары пра «Вялікую Расею»?


Ад банкаў застануцца шыльды, занікне экспарт прадпрыемстваў-гігантаў Расейскай эканомікі… Лідары краінаў Еўразвязу ўзгаднілі новы пакет санкцыяў супраць Расеі, які закране расейскую энергетыку, транспарт, тавары падвойнага прызначэння, некаторыя візавыя пытанні. Еўропа замарозіць сярод іншых рахункі Уладзіміра Пуціна і Сяргея Лаўрова. Першыя рахункі за мару Уладзіміра Пуціна пра аднаўленне «Вялікай Расеі – пачалі плаціць багацейшыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі ў суседзяў вайна – дапамагаць уцекачам – адное з найбольш важных і маланкавых рашэнняў. З Кіева на Львоў і адтуль – за мяжу, гэта толькі адзін з маршрутаў для тысячаў украінцаў.

Уцякачкі ў Польшчу кажуць:

«Мы прыехалі ўсёй сям’ёй, прывезлі нават гадаванцаў, мы не хацелі іх пакідаць. Нас сустрэлі вельмі добра. Праўда, вельмі доўга праходзілі мяжу, але мы не шкадуем што прыехалі».

«А шостай раніцы мне пазванілі бацькі з Кіева (плача), сказалі што пачалася вайна. Мы жывем у Івана-Франкоўску, там таксама а 7 раніцы бамбілі аэрадром. Мы сабраліся і прыехалі сюды».

Прымаюць спалоханых і стомленых людзей – у шэрагу краінаў Еўразвязу. Дапамога таксама фінансавая – адрасаваная афіцыйнаму Кіеву. Каля $ 1 млрд дапамогі выдаткавала Польшча Нацбанку Украіны. Фінляндыя пералічыць $ 50 млн. Фінансавую і ваенна-тэхнічную дапамогу дэкларавалі Швецыя, Эстонія, Францыя і Брытанія.

Калона брытанскіх вайсковых машын і танкаў прыбыла ў Эстонію ў межах місіі NATO па ўмацаванні ўсходняга флангу альянсу. То бок краіны-чальцы НАТО не плануюць выводзіць войскі са сваёй усходняй мяжы, як таго патрабаваў Уладзімір Пуцін. Патрабаваў таксама, каб альянс адмовіўся ад прыняцця ў свае шэрагі Грузіі і Украіны… Але і гэтае пытанне пакуль не знятае з павесткі, хоць «ЗА» далучэнне Украіны (як, напрыклад, Лондан) далёка не ўсе чальцы.

Бэн Ўоліс, міністр абароны Вялікай Брытаніі:

«Мы дапамаглі з навучаннем 20-ці тысячам украінцаў, далі ім неймаверныя магчымасці, якія яны выкарыстоўваюць. Але я не накірую брытанскія войскі на змаганне з расейскімі. Гэта справакавала б еўрапейскую вайну, таму што мы зʼяўляемся краінаю НАТО. У такім выпадку Расея атакавала б краіны НАТО».

У НАТО перасцерагалі Расею, што напаўшы на Украіну яна захрасне там на гады, але свайго не дабʼецца. Дзеяць больш рашуча, а не толькі перасцерагаць – заклікала альянс Турцыя – чалец альянсу, які рэзка супраць аперацыі Расеі.

Таіп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі, кажа:

«Прама цяпер Еўразвяз і ўсе заходнія “менталітэты” не праявілі сурʼёзнай рашучай пазіцыі. На жаль, усе яны адно кансультуюць Украіну».

Украіне – дапамагаюць. Супраць Расеі кіруюць чарговыя абмежаванні. Сёння без падрабязнасцяў Еўразвяз абвесціў пра санкцыі, якія закрануць вупаўтраваральны энергетычны і транспартавы сектары, тавары падвойнага прызначэння. Пашырылі спіс візавых санкцыяў.

У першы дзень вайны буйныя Расейскія бізнесоўцы згубілі 39 мільярдаў долараў. У расейскай валюце – 111 мільярдаў людзі забралі з банкаў. Размовы пра прыпыненне плацяжоў SWIFT пакуль няма. Супраць – выказаліся Італія, Францыя і Нямеччына.

Штэфэн Гэбэштрайт, прадстаўнік ураду Нямеччыны:

«Прыпыненне SWIFT – тэхнічна складаная працэдура, якая б аказала вялікі ўплыў на плацяжы ўнутры Нямеччыны, плацяжы нямецкіх кампаніяў, якія вядуць бізнес з Расеяй, а таксама на плацяжы за энерганосьбіты. Да гэтага трэба было б добра падрыхтавацца. Таму абмеркаванне прыпынення SWIFT было знятае з абмеркавання мінулай восенню».

Масква часткова абмяжоўвае доступ да Facebook з сённяшняга дня, і абяцае адказаць сваімі санкцыямі ўсім 30-ці краінам, якія прынялі санкцыі супраць Расеі. У кожнай з гэтых дзяржаваў, і не толькі, штодня праходзяць акцыі з заклікам спыніць вайну.

Юлія Цяльпук, «Белсат»