Цэнтр Берасця губляе шарм


У гістарычным цэнтры Берасця плануюць знішчыць яшчэ чатыры аб’екты. Пад знос пойдуць дамы па адрасе Дзяржынскага 24, Савецкіх памежнікаў 8, 17-га верасня 3 і клеці ўнутры гэтага кварталу, вядомыя сваймі графіці.

«Я думаю, што гэта працяг той гісторыі, актыўную фазу якой мы назіраем з 2008 года. Ужо 12 гадоў працягваецца працэс няспыннага знішчэння гістарычнай часткі Берасця», – кажа Ірына Лаўроўская доктар мастацтвазнаўства, урбаністка.

Паводле Ірыны Лаўроўскай, у выніку новага зносу ад гістарычных будынкаў цэнтральнай часткі Берасця пакінуць рогі ды ногі. Мясцовыя ж улады сцвярджаюць, што гэтыя аб’екты не ўяўляюць гісторыка-культурнай каштоўнасці. А што кажуць жыхары Берасця?

«Калі яны сапраўды ветхія, чаму б і не, але калі гэта нейкія помнікі, лепей усё ж іх пакінуць».

«Навошта? Трэба аднаўляць па добраму».

«Гісторыю пажадана захоўваць для будучага пакалення, скажам так, а пабудаваць можна, дзе заўгодна».

«Шкада, вельмі шкада, бо хутка ад нашай гістарычнай часткі нічога не застанецца, горад і так ужо не раз перабудоўвалі, зруйноўвалі, пераносілі, шкада».

На месцы знесеных будынкаў маюць паўстаць жылыя дамы з гандлёвымі аб’ектамі ды памяшканнямі грамадскага прызначэння. Будоўлю плануюць распачаць улетку, скончыць – праз два гады. Фінансуе праект таварыства з абмежаванай адказнасцю «Спартовы клуб «Аматар».

«Па гэтых кварталах грамадскае абмеркаванне мела месца да зацвярджэння афіцыйным указам прэзідэнта плану дэталёвай планіроўкі цэнтру гораду. Гэтае грамадскае абмеркаванне доўжылася паўгода ці, я не памятаю, год. Ва ўсіх была магчымасць выказацца, падыскутаваць, у тым ліку і ў асабістым плане. Можна было зʼявіцца на арганізаваную сустрэчу з архітэктарамі і праектавальнікамі. Хто хацеў, выказаўся, заяўкі падаў», – кажуць у спартовым клубе «Аматар».

Як кажа Ірына Лаўроўская, улады робяць гэтак дзеля таго, каб стварыць неабходныя ўмовы для інвестара.

«Цяпер гэта выглядае так: калі генеральны план гораду не адпавядае інтарэсам інвестара, які прыязджае ў горад, мае зацікаўленасць у нейкай тэрыторыі і хоча збудаваць, то гэты генеральны план хуценька перапісваецца пад гэтага інвестара», – лічыць Ірына Лаўроўская, доктар мастацтвазнаўства, урбаністка.

Як лічыць краязнаўца Іван Чайчыц, пры рэканструкцыі ў гістарычнай частцы гораду трэба быць уважлівым да дробязяў.

«Як адбываецца замена, што за навабуд? Вось тут ёсць пэўныя моманты, паколькі гэты навабуд прымушае Берасце губляць свой шарм. Губляецца гэтая непаўторная атмасфера Берасця, калі прыбіраюцца адна- і двухпавярховыя будынкі ў цэнтры, у гістарычнай забудове і ставяцца новыя дамы, часам безгустоўныя. Гэта наводзіць на думку, што горад паступова адмірае знутры», – кажа Іван Чайчыц, краязнаўца.

Сярод апошніх знакавых знішчэнняў у Берасці – унікальны асабняк 1937 года на Будзённага альбо шэраг будынкаў на Савецкай.

Надзея Котава, «Белсат»