ЗСУ знішчылі 47 расейскіх ракетаў


Украіна знішчыла два дзясяткі ракетаў, накіраваных у бок Кіева. Аднак у выніку трапляння абломкаў ракеты ў нежылую забудову ў Галасееўскім раёне загінуў чалавек і двое трапілі ў шпіталь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарга да маршрутак узнікла пасля спынення метро на левым беразе. Справа ў тым, што падчас трывогі яно перавозіць пасажыраў толькі падземнымі ўчасткамі.

У Кіеўскай вобласці ракета пашкодзіла энергетычны аб’ект. Насельніцтва сутыкнулася з экстранымі адключэннямі электраэнергіі.

«Людзі ўжо вяртаюцца. Адзінае што ў нас не вельмі добра, што святло знікае. Бывае, што на 8 гадзінаў, на 4… Шмат людзей не маюць хат. Робяць часовыя домікі», – кажа жыхарка вёскі Машчун Кіеўскай вобласці.

Пашкоджанні энергетычных абʼектаў таксама ў Днепрапятроўскай, Вінніцкай і Адэскай вобласцях. У апошняй апроч святла часткова зніклі ацяпленне і вада.

Вуліцы Кіева пасля паветранай трывогі ціхія і бязлюдныя. У вёсках, якія атачаюць сталіцу, людзі корпаюцца над аднаўленнем дамоў. У вёсцы Машчун, што ў 50-ці кіламетрах ад Кіева, апошнія напады выклікалі сурʼёзныя разбурэнні і невяртальныя страты.

«Жонка нешта выскачыла з дому да плоту. Я таксама выскачыў, схапіў яе, бо пачалі моцна бамбіць з «Градаў». У гэты момант як шарахнула! Я паваліўся з ёй разам. Як падымацца… Яна не падымаецца. Я крычаў: “Наташа, Наташа!” Яна не падымаецца», – сціснуў вусны жыхар вёскі Машчун Кіеўскай вобласці.

Агулам 55 ракетаў расейцы выпусцілі па Украіне ў гэты дзень. З іх толькі 8 не ўдалося ліквідаваць сіламі СПА. У выніку ўдараў загінулі агулам 11 чалавек і столькі ж – параненыя.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што спрабуючы захапіць Бахмут расейскія акупанты церпяць вялікія страты і не лічаць сваіх людзей. Колькасць загінулых з боку ворага ідзе на тысячы. Горад трымаецца, кажуць мясцовыя.

«Амбулаторыя № 2 пакуль што працуе. Прэпараты якія-ніякія ёсць, у асноўным – супрацьпрастудны Парацэтамол».

«Топім буржуйку, бо трэба тапіць вуглям ці дровамі. Буржуйка стаіць у кватэры на кухні».

Як вядома, частка расейцаў навучаюцца на беларускіх палігонах. Цяпер там праходзяць буйныя авіяцыйныя вучэнні войскаў так званай «Саюзнай дзяржавы».

«Адныя судны выконваць выведку абʼекту, другія выконваюць задачы п іх паражэнні, трэція – ажыццяўляюць іхнае прыкрыцце», – кажа дыктар ВаенТВ.

Паводле Брытанскай выведкі, Расея скончыла навучанне ў Беларусі 2 гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Большасць асабістага складу вярнулася ў Расею, адкуль будзе накіраваная ў зону баявых дзеянняў.

Паказальным для гэтых вайскоўцаў і наймітаў будзе відэа з Бакінскіх могілак у Краснадарскім краі. Меркаваны заснавальнік кампаніі «Вагнэра» Яўген Прыгожын ускладае кветкі палеглым ва Украіне. Спадарожнікавыя здымкі «Maxar Technologies» сведчаць пра імклівае пашырэнне плошчы могілак.

На падтрыманне збройных сілаў Украіны між іншых Латвійскія донары накіравалі партыю вайсковай тэхнікі. А міністр абароны Нямеччыны пацвердзіў, што да канца сакавіка адбудзецца пастаўка ва Украіну баявых танкаў «Леапард 2».

Юлія Цяльпук, «Белсат»