Алігархі сыходзяць са сцэны


Галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны генерал Валерый Залужны ў студзені атрымаў 1 мільён даляраў у спадчыну ад амерыканца ўкраінскага паходжання. Грошы Залужны перадаў украінскай арміі. Тым часам часопіс «Forbes» падлічыў, што ў выніку расейскай агрэсіі 10 найбагацейшых бізнесоўцаў Украіны страцілі 17 мільярдаў долараў. Людзі, якія кантралявалі розныя галіны прамысловасці, дэпутатаў парламента і цэлыя рэгіёны краіны, страцілі не толькі грошы. Зменшыўся таксама іх палітычны ўплыў. Ці надоўга алігархі сышлі з палітычнай сцэны і хто іх заменіць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ падчас выбарчай кампаніі Уладзімір Зяленскі паабяцаў, што буйны бізнес на ягоную палітыку ўплываць не будзе, а ўлетку 2021-га паабяцаў «пазбавіцца ўсіх алігархаў» да канца свайго тэрміну.

Увосень таго ж года ён падпісаў закон, які забараняе алігархам фінансаваць палітычныя партыі. Каго лічыць алігархам, мелася вызначыць Рада нацыянальнай бяспекі і абароны.

У спецыяльны рэестр РНБА планавала дадаваць бізнесоўцаў, якія адпавядаюць тром крытэрам: скарб – ад 80-ці мільёнаў долараў, манаполія на рынку, уласнае медыя і ўдзел у палітычным жыцці. Да ўварвання Расеі рэестру алігархаў гэтак і не склалі. Пасля 24-га лютага іхны ўплыў разбурае не новы закон, а расейскія снарады.

«Самыя багатыя людзі са спісу “Forbes” зараблялі на металургіі, энергетыцы, нерухомасці і рытэйле. Менавіта гэтыя галіны мацней за ўсё пацярпелі ад вайны», – каментуе галоўная рэдактарка тэлеканалу «Hromadske» Яўгенія Матарэўская.

Маёмасць Рэната Ахметава – самага багатага бізнесоўца Украіны – за год скарацілася ўтрая: з амаль чатырнаццаці мільярдаў долараў да крыху менш як чатырох з паловаю. Расейскае войска знішчыла галоўныя прадпрыемствы ягонага холдынгу «Metinvest»: металургічны камбінат імя Ільіча і завод «Азоўсталь». Аграхолдынг «HarvEast» страціў 80 адсоткаў сваіх земляў праз акупацыю часткі Данецкай вобласці і мініравання палёў у Кіеўскай. Зазнаў страты і энергетычны холдынг Ахметава – кампанія ДТЭК.

Цеплаэлектрастанцыя ў горадзе Шчасце апынулася ў руках акупантаў, а падстанцыі – па ўсёй краіне сталіся цэлямі для расейскіх ракетаў.

«Сама вайна зрабіла алігархаў патрыётамі. Калі расейскія снарады і ракеты разбураюць твае прадпрыемствы, ты хочаш не хочаш, станеш патрыётам», – зазначае кіраўнік цэнтру грамадска-інфармацыйных тэхналогіяў «Форум» Валерый Дымаў.

Значна менш пацярпеў бізнес Віктара Пінчука – другога ў даваенным спісе «Forbes». Маёмасць уладальніка кампаніі «Інтэрпайп», што вырабляе трубы, скарацілася на 600 мільёнаў долараў. Цяпер яго ацэньваюць на два мільярды.

А вось экс-прэзідэнт і ўладальнік кандытарскіх фабрык Пятро Парашэнка вылецеў не толькі з першай дзясяткі «Forbes», але і са спісу мільярдэраў наагул. Ягонае багацце скарацілася амаль удвая: з аднаго мільярда шасцісот мільёнаў долараў да сямісот мільёнаў долараў. Пятро Парашэнка, які ўзначальвае апазіцыйную партыю «Еўрапейская салідарнасць», заявіў, што да перамогі ў вайне не будзе крытыкаваць прэзідэнта Зяленскага.

Удвая збяднеў і былы саюзнік прэзідэнта Зяленскага – Ігар Каламойскі. Багацце гэтага алігарха ўпала з аднаго мільярда васьмісот мільёнаў долараў да васьмісот пяцідзесяці мільёнаў. Расейскія абстрэлы знішчылі Крамянчугскі нафтаперапрацоўчы завод, які належыць Каламойскаму. Нястача электраэнергіі парушыла працу Нікапальскага і Запарожскага заводаў ферасплаваў. Але на гэтым няшчасці Каламойскага не скончыліся. У ліпені прэзідэнт Зяленскі пазбавіў яго грамадзянства за наяўнасць пашпартоў Ізраілю і Кіпру. А ў лістападзе дзяржава забрала ва ўпраўленне ягоную кампанію «Укрнафта».

«Мы не можам сцвярджаць, што алігархаў цалкам пазбавілі ўплыву. У парламенцкай фракцыі Зялёнскага “Слуга народа” прысутнічае пул дэпутатаў, лаяльных Ігару Каламойскаму. Цяпер гэтыя дэпутаты галасуюць кансалідавана, паколькі ідзе вайна. Але я думаю, што пасля заканчэння поўнамаштабнай вайны свой уплыў найбагацейшыя людзі Украіны будуць старацца аднавіць», – зазначае Яўгенія Матарэўская.

Вайна паўплывала не толькі на заводы, але і на медыі, якія належаць алігархам. З лютага замест мноства прыватных тэлеканалаў украінскім гледачам паказваюць адзіны медыяпрадукт – тэлемарафон. У яго аб’ядналіся шэсць медыягрупаў, у тым ліку тыя, што належаць Каламойскаму, Пінчуку і Ахметаву. У ліпені апошні заявіў пра закрыццё свайго медыяхолдынгу. Афіцыйна, каб не патрапіць пад Закон аб алігархах. Неафіцыйна – таму што каналы падчас вайны сталіся стратнымі і не давалі палітычнага ўплыву.

«Асноўнай крыніцай інфармацыі для ўкраінцаў становіцца Інтэрнэт, нават для людзей старэйшага пакалення. Да гэтага прывяла вайна: калі ты сядзіш у бамбасховішчах – ты не можаш уключаць тэлевізар. Ты запампоўваеш спецыяльныя дадаткі, асвойваеш розныя сайты і спажываеш інфармацыю анлайн», – тлумачыць Галоўная рэдактарка «Hromadske».

На вяршыні новага спісу «Forbes» уласнікаў металургічных і нафтавых канцэрнаў пасунулі айцішнікі. Як адзначыў Валерый Дымаў, вайна прымусіла мадэрнізавацца не толькі ўкраінскую армію. Расейскія ракеты знішчылі састарэлыя індустрыі, якія падсілкоўваліся карупцыйнымі схемамі.

«Мы не будзем ужо старой Украінай. У свеце ўжо не выкарыстоўваюць тых тэхналогіяў вытворчасці чыгуну і сталі, для якіх патрэбныя нашыя гуты. Цяжка вырабляць вугаль, калі вугальны пласт таўшчынёй усяго паўтара метра знаходзіцца на глыбіні ў кіламетр. Мы не можам канкураваць ні з Экібастузам, ні з далёкай Амерыкай», – канстатуе Валерый Дымаў.

Палітычны аналітык прагназуе: аднаўляць Украіну прыйдзе заходні бізнес, які не купляе палітыкаў. Яўгенія Матарэўская больш асцярожная. На думку журналісткі, старыя алігархі пастараюцца вярнуцца на палітычную сцэну – хаця б для таго, каб захаваць не разбураную вайною ўласнасць.

Аляксандр Папко, «Белсат»