25 гадоў без «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцягу


Чвэрць стагоддзя таму – 14 траўня 1995 года – адбыўся першы ў незалежнай Беларусі рэферэндум, які скасаваў галоўныя дзяржаўныя беларускія сімвалы: старажытны герб Пагоня і нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Гэтак цягам 25 гадоў выхад на вуліцу з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам пагражае затрыманнем, штрафам і нават зняволеннем.

Герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг былі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі чатыры гады. Пасаду прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка займаў менш за год, калі ініцыяваў рэферэндум, у выніку якога сімволіку памянялі.

«Галоўныя перадумовы былі – магчымасць выйсці на пэўныя структуры ў Расеі, якія ўвесь час марылі і мараць пра інкарпарацыю Беларусі. І змена старадаўняй сімволікі была вельмі важная. Бо, калі народ губляе сімвалы, помнікі, усё, можна забіраць», – узгадвае дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання Алег Трусаў.

Як неаднаразова адзначалі адмыслоўцы, рэферэндум супярэчыў Канстытуцыі. Не падтрымаў Лукашэнку і Вярхоўны Савет: на знак пратэсту дэпутаты пачалі галадаванне. Іх збілі і выкінулі з будынку парламенту. А яшчэ адным вынікам рэферэндуму стала набыццё расейскаю моваю статусу дзяржаўнай. Толькі распачатая беларусізацыя пачала імкліва згортвацца.

«Нашы дзеці страцілі магчымасць навучацца па-беларуску, бо сістэма адукацыі ў нас у асноўным дзяржаўная. І калі мы прыгадаем, што і па сёння ў нас няма ніводнай дзяржаўнай вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання, то стане зразумелым, што гэта быў добра прадуманы крок і вельмі добра прадуманая стратэгія ды тактыка знішчэння ўсяго беларускага», – заяўляе старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Рэферэндум 1995-га года таксама надаў дадатковыя паўнамоцтвы прэзідэнту краіны: Аляксандр Лукашэнка атрымаў права распускаць Вярхоўны Савет, што неўзабаве і зрабіў. Яшчэ адно пытанне, зацверджанае плебісцытам, скіравала Беларусь на інтэграцыю з Расеяй.

«Тады пачалася інтэграцыя – наступствы самыя цяжкія для Беларусі. Можа быць усё што заўгодна, і я не выключаю ніводнага варыянту. Жыццё ідзе імкліва, і тое, што здарылася з Крымам, тое, што адбываецца ў Данбасе, цалкам магчымае і ў Беларусі як вынік антынацыянальнай палітыкі Лукашэнкі», – мяркуе дэпутат Вярхоўнага савету ХІІІ склікання Павел Знавец.

«Лукашэнка, адчуваючы гэтую з’яву ды настроі людзей, раптоўна і гвалтоўна правёў рэферэндум, цалкам скасаваўшы ідэалагічныя настроі ў грамадстве, якія мусілі павярнуць Беларусь да сапраўднай незалежнасці, да беларусізацыі, да рынку ды ўсіх тых складнікаў ідэалогіі, якія ляжаць у падмурку ўсіх еўрапейскіх дзяржаў», – кажа палітолаг Уладзімер Мацкевіч.

Паводле адмыслоўцаў, пасля рэферэндуму 95-га года Беларусь развярнулася ў бок Расеі, фактычна, адмовіўшыся ад еўрапейскага кірунку развіцця.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Фота вокладкі: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum