Як адзначаюць Каляды ў свеце?


Ад феерверкаў пад паўночным ззяннем да песняў і танцаў у цёплых тропіках – Каляды на нашай планеце паўстаюць у самых разнастайных абліччах. Аздобленыя вуліцы, у кожным доме запальваюцца агеньчыкі. Якія традыцыі існуюць у розных кутках свету ў гэты чароўны перыяд?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Раство ў гэтыя дні святкуюць вернікі бальшыні хрысціянскіх цэркваў. На набажэнствы збіраюцца каталікі, грэка-каталікі, пратэстанты і некаторыя праваслаўныя.

Аднак Каляды – гэта не толькі рэлігійнае свята. Для дзяцей і многіх дарослых гэта час цудаў і падарункаў, што прыносіць Калядны Дзед. І каб адсочваць ягонае перамяшчэнне, паветрана-касмічныя сілы абароны Злучаных Штатаў вядуць жывую трансляцыю праз свае радары і спадарожнікі з дапамогаю спецыяльнай праграмы «Santa Tracker».

«Вось як ён можа за такі кароткі прамежак часу даставіць мноства падарункаў па ўсім свеце? І мы да гэтага часу не ведаем, як чалавек пад сто дваццаць кілаграмаў можа спусціцца ў комін. Але, ізноў жа, гэта чараўніцтва СантаКлаўса і дух Раства», – распавядае начальнік Штабу паўночнага камандавання ЗША, генерал-маёр Элан М. Пэпін.

Са сваёй традыцыйнай святочнай прамовай да вернікаў і свету звярнуўся пантыфік Папа Рымскі. Ён згадаў пра войны і канфлікты ды заклікаў да міру:

«Сёння нашыя сэрцы ў Бэтлееме, дзе Кароль Свету зноў адрынуты марнай логікай вайны, сутыкненнем зброі, што нават сёння не дазваляе яму знайсці месца ў свеце».

Акурат з прычыны ваеннага канфлікту сёлета не праводзяць калядных урачыстасцяў у горадзе Бэтлеем на Заходнім Беразе, які лічыцца месцам нараджэння Ісуса.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калядны кірмаш на Кантрактовай плошчы. Кіеў, Украіна. 29 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Аднак ёсць месца Каляднаму святу ў прыфрантавых тэрыторыях на ўкраінскім фронце. Гэтак, вайсковы капелан наведаў жаўнераў, дыслакаваных пад горадам Купянск на ўсходзе Украіны.

Раней украінскія хрысціяне часцей адзначалі Каляды 7 студзеня. Сёлета ж пасля разрыву стасункаў галоўнай праваслаўнай царквы Украіны з Маскоўскім патрыярхатам была ўведзеная новая традыцыя.

«Я памятаю, што ў дзяцінстве мы збіраліся разам на калядную вячэру – мама, тата, бабуля. Мы, дзеці, адпраўляліся сядзець пад сталом ды імітаваць гукі хатніх жывёлінаў. Лічылася, што гэта прыносіць росквіт у хату», – кажа ўкраінскі жаўнер 14-й брыгады Уладзімір.

Дадаюць у розных краінах да святкавання Калядаў і мясцовы каларыт. Гэтак, у Аўстраліі святкавалі на пляжы. Сёрфілі людзі і на пляжах у Флорыдзе, пераапрануўшыся ў Санта-Клаўса і іншых казачных персанажаў.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»