Санкцыі і магчымая канкурэнцыя: як трымаецца «Белавія»?


«Белавія» падводзіць вынікі працы за год. Генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец у эфіры дзяржаўнага тэлебачання заявіў, што пасажыраў сёлета стала болей на 7-8%. Павялічваецца і колькасць рэйсаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Існуе цэлая праграма працы паміж Беларуссю і Расеяй у галіне грамадзянскай авіяцыі. Будуць адкрывацца новыя рэйсы авіякампаніяй “Белавія”, дадавацца частоты па ўжо існуючых маршрутах», – паведаміў Ігар Чаргінец.

«Белавія» адкрыла сёлета рэйсы прынамсі ў Дэлі, Доху, Абу-Дабі. Таксама з Менску цяпер можна вылецець у расейскі Мурманск, а з Гомля – у Маскву. Усходні і частка паўднёвага кірунку – адзіныя магчымыя для «Белавіі». Еўрапейскія краіны закрылі сваю паветраную прастору ў 2021-м пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта кампаніі «Ryanair». А менавіта гэты заходні кірунак прыносіў авіяперавозніку большую долю прыбытку.

«Фінансавы стан кампаніі пагоршыўся, але мы разумеем, што асноўная частка да 2022 года і на сёння складае абслугоўванне расейскага рынку. Ён працягвае заставацца асновай для існавання авіякампаніі “Белавія”. Таму што ўнутраныя рэйсы… Казаць пра іх вялікую долю не даводзіцца», – адзначыў авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ.

Акрамя забароны на палёты, «Белавія» з 2021 года застаецца пад заходнімі санкцыямі за спрыянне міграцыйнаму крызісу на мяжы. Праз гэта авіякампанія ўжо страціла палову флоту. Сёлета на пачатку снежня ЗША працягнулі на паўгода экспартныя абмежаванні супраць беларускага авіяперавозніка.

«Варта заўважыць, што экспартныя санкцыі супраць “Белавіі” (на адрозненне ад забароны палётаў) уведзеныя таксама за кіраванне і абслугоўванне асабістага авіяпарку Лукашэнкі. “Белавія”, на жаль, палічыла за лепшае пакінуць у закладніках сваіх пасажыраў», – заявіла каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Білетныя касы «Белавіі». Менск, Беларусь. 27 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Экспартныя санкцыі – гэта цяжкасці з рамонтам і атрыманнем запчастак для самалётаў. Таму, адзначыў Багдан Далінцэ, авіяцыйны парк «Белавіі» у перспектыве можа яшчэ скараціцца. Але пасажыры наўрад ці гэта заўважаць, мяркуе эксперт:

«Бо ўсё ж скарачэнне амаль удвая авіяперавозак – патрэба ў тым жа флоце авіякампаніі, яна фактычна таксама ўдвая скарацілася. Таму заўважнага эфекту – вось гэтага пачатку “канібалізму” самалётаў ці вывядзення часткі самалётаў з эксплуатацыі так не будзе заўважна, як гэта адбываецца з расейскімі перавознікамі».

Днямі ў Менск прыляцеў першы самалёт турэцкай авіякампаніі «Southwind Airlines». Якую ўжо лічаць галоўным канкурэнтам «Белавіі» на гэтым кірунку: пры амаль аднолькавых цэнах на білеты розніца ў часе палёту – амаль дзве гадзіны. Турэцкія самалёты, на адрозненне ад беларускіх, могуць выкарыстоўваць паветраную прастору Еўразвязу. Хаця трапляць у нашую краіну пакуль мусяць праз расейскае неба. Выданне «Bild» паведаміла пра яшчэ адную асаблівасць маладога турэцкага авіяперавозніка:

«Авіякампанія “Southwind Airlines” месціцца ў Антальі. Яе стварылі неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне. Аднак усе яе тры самалёты і большая частка працаўнікоў – з расейскай “Nordwind Airlines”, што базуецца ў Маскве».

Такім чынам, Расея стварыла падстаўную авіякампанію, каб вазіць мігрантаў з Турцыі ў Еўропу праз Менск, піша нямецкае выданне са спасылкаю на польскія ўлады. Маўляў, у Варшаве ўпэўненыя, што рэжымы Пуціна і Лукашэнкі актывізуюць «гібрыдную атаку», каб паглыбіць міграцыйны крызіс на мяжы.

«Давайце прымем тое, што адзін самалёт з Турцыі ў Беларусь па вялікім рахунку яшчэ нічога не значыць. Але тое, што можа быць пэўная інтэнсіфікацыя гэтых рэйсаў і можа быць новая хваля міграцыйнага крызісу – яе абсалютна нельга выключаць», – мяркуе спецыяліст па нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак.

Пакуль самалёты турэцкай авіякампаніі будуць лятаць у Менск чатыры разы на тыдзень. Але налета са студзеня магчымыя штодзённыя рэйсы.

Ірына Юр’ева, «Белсат»