Дзень барацьбы за ліківідацыю гвалту супраць жанчын


«Я спадзяюся, што аднойчы ён адкажа за тое, што зрабіў. Гэта невыбачальна», – кажа блогерка Аляксандра Лагуноўская. Яна сталася ахвяраю гвалту з боку незнаёмага мужчыны. Ён вызваўся падвезці яе дадому, а потым заблакаваў дзверы ў аўце ды адвёз на аўтастаянку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне было страшна. Я разумела, што не магу збегчы, не магу адбівацца, не магу нават адчыніць дзверы. І ён мяне згвалтаваў», – не стрымлівае эмоцыяў Аляксандра.

Потым быў балючы досвед камунікацыі з міліцыяй і следчымі органамі. Тыя пыталі, ці забярэ Аляксандра заяву, калі гвалтаўнік прыедзе выбачацца з кветкамі. У выніку ў завядзенні крымінальнай справы адмовілі.

«Яны даслалі мне гэта «мэйлам», кажа блогерка. – А звычайнай поштай даслалі цікавую паперку, што справа закрытая. Прычым справа адносна іншага чалавека. Напісалі дадзеныя хлопца, які малодшы за мяне на чатыры гады, а не дадзеныя таго мужыка».

Аляксандра Лагуноўская спрабавала дамагчыся пакарання для гвалтаўніка, але праз недасканалую працу следчых справа не дайшла да суда.

Што да ахвяраў хатняга гвалту ў Беларусі, то многія з іх увогуле не звяртаюцца ў праваахоўныя органы. На думку былой кіраўніцы грамадскага аб’яднання «Радзіслава» Вольгі Гарбуновай, гэта звязана з тым, што ў краіне адсутнічаюць спецыялізаваныя законы аб перадухіленні хатняга гвалту:

«Дзяржаўныя ведамствы не надта могуць дапамагчы. То бок, ты звяртаешся ў міліцыю, а агрэсару даюць штрафы, якія плацяцца з агульнага сямейнага бюджэту».

Паводле ААН, кожная трэцяя жанчына ў свеце сутыкалася з фізічным або псіхалагічным гвалтам. Гэта самае распаўсюджанае і ўсюдыіснае парушэнне правоў чалавека ў свеце.

«Прыйшоў час прызнаць, што гвалт супраць жанчын і дзяўчатак ва ўсіх яго формах ёсць плямаю на нашай чалавечнасці», – упэўненая выканаўчая дырэктарка ў «UN Women» Сіма Бахус.

«Каб перадухіліць гвалт, мы супрацоўнічаем з супольнасцямі, асабліва з мужчынамі і хлопчыкамі, каб змяніць шкодныя гендарныя нормы і спрыяць пазітыўнай маскуліннасці», – справаздачыцца намесніца выканаўчага дырэктара Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Д’ені Кейта.

У Беларусі на дзяржаўным узроўні адмысловых праграмаў дзеля перадухіленню гвалту няма. Міністэрства ўнутраных справаў нават неахвотна дзеліцца статыстыкай наконт колькасці пацярпелых. У красавіку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны агучыла леташнюю колькасць асобаў, якія пацярпелі ад хатняга ґвалту і звярнуліся па дапамогу ў цэнтры органаў працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Гэта больш як дванаццаць тысяч грамадзянаў. Дзевяноста адсоткаў з іх – жанчыны.

«Хатнія агрэсары пачалі выкарыстоўваць у Беларусі такія віды гвалту, якія прыводзяць да смерці. Гэта абліванне бензінам і падпальванне, выкарыстанне рэжучых прадметаў, агнястрэльнай зброі. Гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі адбываецца эскалацыя гвалту», – мяркуе Вольга Гарбунова.

Сітуацыя ў Беларусі ўскладняецца тым, што пасля 2020 года рэжым паслядоўна зліквідаваў усе некамерцыйныя арганізацыі. У тым ліку тыя, што дапамагалі жанчынам – ахвярам гвалту.

«Праца, якую яны рабілі, сведчыла пра тое, што гвалт – гэта няправільна, што ў цябе заўсёды ёсць выйсце. Нават калі ў цябе няма родных або сяброў, да якіх мы можаш зʼехаць ад гвалтаўніка, у цябе ёсць магчымасць зʼехаць у такі шэлтар», – кажа псіхолаг Наталля Скібская.

Ахвярам гвалту Наталля Скібская раіць звяртацца па псіхалагічную дапамогу. Гэта могуць быць як адмысловыя тэлефонныя лініі ў Беларусі, так і онлайн-сэрвісы для беларусаў, створаныя арганізацыямі ў выгнанні. Напрыклад,oliviahelp.org, чат-бот у «Тэлеграме» «Когти Рагнеды».

Але адным з найважнейшых крокаў яна называе менавіта фізічны пераезд ад асобы, што чыніць гвалт. Вядома, калі гэта магчыма.

Ян Федаровіч, Белсат