За што рэжым помсціць незалежным прафсаюзам?


Заклікі да санкцыяў, распальванне сацыяльнай варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім. У гэткіх злачынствах рэжым вінаваціць вядомых прафсаюзных лідараў. Разглядаць справу прызначылі гэтак званую суддзю Менскага гарадскога суда Настассю Папко. Працэс закрыты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння любы, хто спрабуе выказаць нешта незалежнае, нейкую свабодную думку, уяўляе пагрозу для рэжыму, і таму такіх людзей далучаюць да экстрэмістаў і спрабуюць асудзіць за гэта», – кажа праваабаронца Васіль Завадскі.

Генадзь Фядыніч – былы кіраўнік незалежнага Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці – РЭП. Васіль Бераснеў – колішні лідар аршанскага прафсаюзу РЭП. Вячаслаў Арэшка, вядомы як Вацлаў Арэшка, – не толькі прафсаюзны актывіст, але і палітолаг, грамадскі дзеяч.

«Я іх добра ведаю асабіста і магу сказаць дакладна, што якраз у абароне правоў яны бачылі свой абавязак, абароне правоў іншых», – адзначае Васіль Завадскі.

Незалежны Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці ўзнік у пачатку 1990-ых. Цягам трох дзесяцігоддзяў яго сябры кансультавалі працаўнікоў не толькі гэтай галіны. Зацята змагаліся за адмену кантрактнай сістэмы, неаднаразова ў гэтым пытанні звярталіся да Лукашэнкі.

Пасля ж таго, як Лукашэнка ў 2017 годзе ўхваліў сумнавядомы Дэкрэт нумар 3, назваўшы беларускі народ дармаедамі, пачаўся новы этап барацьбы. Па ўсёй краіне людзі выходзілі на плошчы гарадоў, неслі туды сваю крыўду і абурэнне. Сябры незалежных прафсаюзаў тады актыўна далучыліся да працы: не толькі кансультавалі, дапамагалі складаць скаргі, але і плячо да пляча сталі з людзьмі на плошчах.

Пасля пратэстаў у 2017 годзе рэжым пачаў актыўна пераследаваць незалежныя прафсаюзы. А праз год завялі справу супраць Генадзя Фядыніча і бухгалтара прафсаюзу РЭП Ігара Комліка. За нібыта нясплату падаткаў. Тады іх прызналі вінаватымі і засудзілі да чатырох гадоў абмежавання волі – гэтак званай «хатняй хіміі».

Пасля пратэстаў 2020-га рэпрэсіі значна ўзмацніліся. Сёлета ў красавіку лідараў прафсаюзу РЭП затрымалі, арганізацыю прызналі «экстрэмісцкай». А ў ліпені рэжым зліквідаваў увесь незалежны прафсаюзны рух Беларусі.

«Ясна, што знайшліся і артыкулы, было прыдумана, якім чынам націснуць, якім чынам закрыць арганізацыю, якім чынам пасадзіць кіраўніцтва, так што гэта абсалютна прадказальная гісторыя. На жаль, у Беларусі, калі ты спрабуеш зрабіць нейкую добрую справу, заўсёды трэба мець на ўвазе, што за гэта ты будзеш адказваць перад так званым законам лукашыстаў», – кажа былы сябра рады прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак.

Цяпер у Беларусі за кратамі – прынамсі 10 прафсаюзных лідараў і актывістаў. Усіх іх прызналі палітычнымі вязнямі. Як раней паведамлялі медыі, у СІЗА ў Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вячаслава Арэшкі пагоршыўся стан здароўя.

Алесь Яшчанка, «Белсат»