Украіна ўзмацняе мяжу


Побач з КПП Украіны праходзіць трэніраванне. Вайскоўцы вучацца стрымліваць натоўп і абараняцца, калі групы мігрантаў наважацца прарывацца праз украінскую мяжу. З пачатку аперацыі «Палессе» такія вучэнні праходзяць штодня.

Пра тое, што ахова мяжы з Беларуссю будзе ўзмоцненая, украінскія ўлады паведамлялі яшчэ каля двух тыдняў таму.

«Мы ўзмацніліся, каб кантраляваць групы людзей так званай групы міграцыйнай рызыкі. Мы ведаем сітуацыю на ўчастках межаў Польшчы, Літвы ды Латвіі. Таму мы гатовыя да любога ўскладнення сітуацыі, да любога развіцця падзеяў», – тлумачыць кіраўнік аддзялення інспектараў памежнай службы Уладзіслаў Горбань.

Працягласць мяжы Украіны з Беларуссю – амаль тысяча сто кіламетраў. Ахову ўзмацнілі адразу ў пяці памежных вобласцях. Вайскоўцы і паліцыя сочаць за падзеямі не толькі каля пунктаў пропуску, але і там, дзе можна нелегальна патрапіць ва Украіну пехатою альбо на машыне. Назіраюць і з зямлі, і з паветра з дапамогай верталётаў ды беспілотнікаў. Адзін з іх, напрыклад, у добрае надвор’е можа лётаць у радыусе восем кіламетраў, але пры моцным ветры – да трох кіламетраў.

«Выязджаю на ўчастак. Падымаюся на любую вышыню, можна нават на пяцьсот метраў. Звяртаю ўвагу на подступы да мяжы, якіясь прыхаваныя пасты, засады», – дэманструе тэхніку інспектар памежнай службы Уладзіслаў.

У намётах каля мяжы пасяліліся паліцыянты. Яны патрулююць прымежныя населеныя пункты.

«Правяраем жылыя і нежылыя памяшканні, распытваем грамадзян аб фактах перабывання ў вёсцы чужынцаў і выяўляем тых, каго трэба дадаткова праверыць. Пакуль анікога не выявілі», – распавядае кіраўнік аддзялення паліцыі Міхаіл Галамоздзік.

Спробаў мігрантаў нелегальна прарвацца праз мяжу памежнікі пакуль не зафіксавалі. Усяго ж да аховы ўкраінска-беларускай мяжы дадаткова прыцягнутыя каля васьмі тысяч пяцісот вайскоўцаў ды паліцэйскіх.

Марына Ступак, Сяргей Каладзій, Марына Яновіч «Белсат»