Ініцыятыва былых сілавікоў Беларусі «BYPOL» апублікавала новае расследаванне


«Лукашэнка рыхтаваў тэракт» – для беларусаў сённяшняя раніца пачалася з новага расследавання ініцыятывы былых сілавікоў «BYPOL». 26-га сакавіка дзяржаўная прэса стракацела загалоўкамі: «У Менску і ў Печах папярэджаны тэракты – след вядзе ў «BYPOL». Віну за падрыхтоўку злачынства ўсклалі на 35-гадовага пінчука Вячаслава Малейчука. На аператыўных відэаздымках МУС мужчына гаворыць з цяжкасцю, а з-пад шапкі відаць сінякі.

Што гэта за знаёмы, і чаму яго да гэтага часу не знайшлі? Адказы на гэта сёння даў «BYPOL». Яўген Прахарэвіч – завербаваны ГУБАЗіКам былы зняволены Івацэвіцкай калоніі. Пасля турмы Маляйчук з Прахарэвічам працягнулі сяброўства, на чым і згулялі сілавікі. Прахарэвічу пакаранне было змененае на абмежаванне волі. Затым яго спецыяльна перавезлі ў Менск пад выглядам павышэння кваліфікацыі. Насамрэч – каб падставіць Малейчука.

«Менавіта Яўген Прахарэвіч фактычна схіліў Малейчука Вячаслава да гэтых дзеянняў. Аперацыя першапачаткова была прыдуманая, інсцэніраваная і кантраляваная спецслужбамі. На завяршальным этапе яе рэалізавала самае сумнавядомае падраздзяленне сучаснай міліцыі Рэспублікі Беларусь, гэта ГУБАЗіК», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL» Алег Талерчык.

Выбухных прыладаў было дзве. Адно нібы прызначалася для вайсковага мястэчка Печы, што ў Барысаўскім раёне. Прылада, паказаная на відэа МУС, больш падобная на выбуховы пакет, сцвярджаюць у «BYPOL». Глядзім азначэнне: піратэхнічны сродак, прызначаны для імітацыі разрываў. У расследаванні ад 1-га красавіка, пасля дэталёвага вывучэння гэтай прылады «BYPOL» прыходзіць да высновы: вогнетушыцель не здэтанаваў бы, а проста адляцеў бы ў бок. Гаворка ідзе пра спальны раён Чыжоўка. Дакладны адрас: Убарэвіча, 164.

«Ну, як вяшчае «Гёбэльс ТВ», побач месціцца дзіцячы садок і бегаюць дзеткі. Вось такую яны жудасную карцінку малявалі, каб зняславіць усе дэмакратычныя сілы і «BYPOL» у прыватнасці», – лічыць Алег Талерчык.

Пад спробай зняславіць дэмакратычныя сілы Беларусі Алег Талерчык мае на ўвазе абвінавачанні на адрас Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. У Беларусі на іх завялі крымінальную справу і абвінавацілі ў тэрарызме.

«Режим пойдёт на все возможные инструменты и будет их использовать для того, чтобы сохранить Лукашенко и его хунту у власти в Беларуси. Мы это понимаем и будем продолжать нашу борьбу», – кажа кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Ўпраўлення Павел Латушка.

Што ў выніку? Працаўнікі ГУБАЗіКа, якія ўдзельнічаюць у спецаперацыі, атрымалі рознага роду ўзнагароды. След Яўгена Прахарэвіча знік. А Вячаслаў Маляйчук, якога ён падставіў, – у менскім следчым ізалятары КДБ. Яму пагражае смяротнае пакаранне.

Надзея Бельская, «Белсат»