Заробкі: растуць, падаюць ці стаяць?


Троху больш, чым на 1,5 % вырасце эканоміка ў наступным годзе – прагназуюць эксперты Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC». У такім выпадку рэальныя даходы насельніцтва маюць вырасці на тыя ж паўтара. Лукашэнкаўскі ўрад выдаў свае прагнозы: ВУП вырасце амаль на 4 %, а рэальныя заробкі – на 3,5 %. Што бліжэй да праўды?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Верасень асацыюецца з заканчэннем сезону адпачынкаў, пачаткам навучальнага года, а значыць, і выдаткамі на малодшых сямейнікаў. Заробкі ў гэтым месяцы не падтрымалі людзей. Згодна са статыстыкаю Белстату, намінальны сярэдні заробак упаў на Br 22 рублі.

«Як правіла, рост сярэдняга заробку адбываецца па заканчэнні кварталу, што звязана з пэўнымі квартальнымі выплатамі работнікам. Таксама ў верасні. Гэта абумоўлена заканчэннем актыўных сельскагаспадарчых работ і падзеннем аб’ёму выплат у сельскай гаспадарцы і звязаных з ёю галінах», – кажа навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль.

Цыклічнасць існуе: у верасні мінулага і пазамінулага гадоў заробкі падалі на Br 28 і Br 21 рубель адпаведна. Калі ж аналізаваць графік гэтага года, то намінальны сярэдні заробак рос няроўна: у чэрвені – на Br 66, у ліпені – на Br 6 і на Br 29 – у жніўні.

У чэрвеньскім скоку эканаміст Аляксей Харкевіч бачыць прыкметы эмісіі грашовай масы:

«Адбылося спачатку павелічэнне грашовых дэпазітаў прадпрыемстваў, а потым раптоўна гэта пераходзіць у грашовую масу на руках у насельніцтва. Скажам так, для сельскай гаспадаркі надрукавалі грошы, гэтыя грошы пайшлі ў абарот. Тым самым раздуваецца грашовая маса. А ўскосна ад гэтага растуць заробкі. Хутчэй за ўсё гэта ўзаемазвязана».

Сярэдні заробак у Беларусі зніжаецца таксама і праз змены на рынку працы. Вымываюцца з эканомікі айцішнікі, у якіх найвышэйшыя заробкі. У жніўні дададзеная вартасць сектару IT знізілася на амаль 16 %. Вырасла колькасць занятых у сельскай гаспадарцы, дзе заробкі, наадварот, нізкія. Прэмʼер-міністр Галоўчанка транслюе аптымістычны прагноз:

«Рост рэальных даходаў насельніцтва чакаецца вышэй прагнозу. Гэта адпавядае і перавышае заданне, якое ўсталяванае кіраўніком дзяржавы на бягучы год».

Налета ўрад абяцае рост рэальных даходаў насельніцтва на 3,5 %. Ідзецца пра грошы пасля падатковых адлічэнняў. А мінімальны заробак абяцаюць узняць на 13 %. Гэта палітычна абумоўленыя абяцанні перад так званымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, кажа Алег Мазоль.

«Рост заробкаў насельніцтва перад выбарамі ў так званы парламент. І традыцыйнае адабранне даходаў праз інфляцыйны падатак і дэвальвацыю беларускага рубля. Ужо адзначаецца перавышэнне тэмпу росту заробкаў над тэмпамі росту ВУП у Беларусі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У жніўні перавышэнне складала амаль 4 %. Раман Галоўчанка, ізноў жа, пра перакосы не згадвае:

«Прагназаваны рост эканомікі перавышае сярэдні тэмп развіцця сусветнай эканомікі, а таксама чаканы рост ВУП нашага асноўнага эканамічнага партнёру – Расейскай Федэрацыі».

Запланавалі рост эканомікі на 3,8 %. Удвая меншы рост ВУП прагназуюць аналітыкі Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC». Аляксей Харкевіч лічыць, што план ураду можа быць падмацаваны невядомымі нам дамоўленасцямі.

«Усё гэта знаходзіцца ўжо не ў плашчыні адносінаў з Захадам ці нават з Кітаем. Усё гэта знаходзіцца ў плашчыні ўзаемаадносінаў з Расеяй. Якія будуць выдаткаваныя крэдыты і на якія праекты, якія прадпрыемствы будуць падтрыманыя…»

Гэта пытанні, адказаў на якія лукашэнкаўская сістэма людзям не дае, напампоўваючы эканоміку зручнымі для ўласнага выжывання гандлёвымі схемамі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»