Ліквідацыя дабрачыннага фонду «Вяртанне»


Музычны конкурсу для маладых выканаўцаў «Заспявай.бай» і прэзентацыя кніг Васіля Быкава, выдадзеных без цэнзуры – што агульнага паміж гэтымі падзеямі? Тое, што адбыліся яны, як і дзясяткі іншых культурніцкіх акцыяў ды праектаў, з дапамогаю ліквідаванага сёння беларускімі ўладамі дабрачыннага фонду «Вяртанне».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нават тупая ўлада сваімі мазгамі дапяла за гэтыя гады, што культура – гэта зброя, і распазнае ў культуры мірны, але ад гэтага не менш эфектыўны супраціў. Таму пачалася масавая татальная зачыстка», – лічыць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Дабрачынны фонд «Вяртанне» ліквідавалі рашэннем Менскага гарадскога суда. Пазоўнік – галоўнае ўпраўленне юстыцыі Менскага гарвыканкаму. Паводле звестак «Белсату», фонд закрылі з прычынаў, што не маюць дачынення да яго дзейнасці. Між іншага, працаўнікоў абвінавацілі ў карыстанні тэлеграм-каналамі, якія рэжым Лукашэнкі называе экстрэмісцкімі.

«Вельмі істотна, што фонд «Вяртанне» не быў ніяк заангажаваны ў палітычную актыўнасць, гэта была выключна толькі культурніцкая актыўнасць. Фонд быў вельмі надзейным шматгадовым партнёрам беларускага ПЭНу, разам з якім мы арганізоўвалі некалькі літаратурных прэміяў і ладзілі іншыя літаратурныя падзеі», – кажа старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Сярод праектаў, зладжаных пры ўдзеле фонду «Вяртанне», – літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча для маладых літаратараў, прэмія імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў, прэмія Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, дзе адначасова з пісьменнікамі ўзнагароду атрымлівалі ілюстратары.

«Гэта падтрымка музычнага сектару, гэта цудоўныя конкурсы і майстар-класы «Заспявай.BY», дзякуючы чаму музыка знаходзіла агульную мову з літаратурай. Усяго гэтага немагчыма пераацаніць», – перакананы Андрэй Хадановіч.

Дзякуючы фонду выйшлі ў свет без цэнзуры кнігі Васіля Быкава «Ліквідацыя» і «Мёртвым не баліць», кніжная серыя «Нобэль па-беларуску» ды іншыя выданні.

Закрываючы незалежныя структуры, беларускія ўлады не маюць чым іх замяніць, мяркуе Таццяна Нядбай. А закрыццё арганізацыяў не можа спыніць іх працы.

«Пытанне рэгістрацыі або нерэгістрацыі мне падаецца другасным і фармальным, гэта толькі пытанне арганізацыі дзейнасці. Калі ў фонду «Вяртанне» ёсць намер працягваць гэтую дзейнасць, я ўпэўненая, што калегі знойдуць на гэта спосаб і могуць скарыстацца досведам іншых рэлакаваных арганізацыяў, калі пабачаць у гэтым такую патрэбу», – кажа Таццяна Нядбай.

Бо працуюць рэлакаваныя культурніцкія арганізацыі ўсё адно для Беларусі, падкрэслівае яна. Беларускі ПЭН не збіраецца спыняць літаратурныя прэміі і спадзяецца на далейшую супрацу з фондам «Вяртанне».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»