Масква інфармацыйна падтрымлівае міграцыйны крызіс


Колькасць сілавых прарываў з боку групаў мігрантаў праз беларуска-польскую мяжу павялічваецца. А беларускія сілавікі ў цывільным актыўна дапамагаюць ім штурмаваць польскую мяжу. Пра гэта заявіла прадстаўніца Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска. Сёння ж міністр абароны гэтай краіны паведаміў пра павелічэнне вайсковага кантынгенту на мяжы з Беларуссю.

Два польскія вайскоўцы параненыя і трапілі ў шпіталь, некалькі атрымалі нязначныя пашкоджанні. Учора блізу 60 мігрантаў спрабавалі прарваць агароджу на польска-беларускай мяжы. Яны кідалі ў польскіх вайскоўцаў і памежнікаў камяні і галіны дрэваў. Вайскоўцы ўжылІ слезацечны газ. Сярод мігрантаў памежнікі заўважылі асобаў з лагеру каля вёскі Уснаж-Гурны.

«Сярод той групы, якая ўчора фарсіравала мяжу, апроч людзей з гэтага лагеру, мяжу фарсіравалі таксама асобы з беларускіх службаў. Як звычайна, яны былі апранутыя ў цывільнае. Але яны падбухторвалі гэтую групу, каб далей спрабаваць сілаю прарвацца. І асабіста выкарыстоўвалі нажніцы для пераразання калючага дроту», – кажа прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска.

Другая спроба прарыву мяжы адбылася ўначы ў суботу. У абодвух выпадках мігрантам не ўдалася трапіць на польскую тэрыторыю. А стыхійны лагер мігрантаў, які паўстаў у жніўні каля вёскі Уснаж-Гурны, апусцеў. Частка іншаземцаў на мінулым тыдні прарвалася ў Польшчу, другая – змяніла месца.

За мінулыя выходныя польскія памежнікі спынілі амаль 800 – а з пачатку кастрычніка больш за 13 тысячаў – спробаў нелегальнага перайсці мяжу. Пасля апошніх інцыдэнтаў міністр абароны Мар’юш Блашчак заявіў пра павелічэнне колькасці вайскоўцаў на мяжы да 10 тысяч асобаў.

«Апошнім часам мы сутыкаемся з нарастаннем дзеянняў з боку беларускіх памежнікаў і вайскоўцаў, што, як мы заўважаем, кіруюць мігрантамі, якія ў павялічанай колькасці, у павялічаных групах спрабуюць фарсіраваць беларуска-польскую мяжу. Гэтыя спробы спыненыя польскімі вайскоўцамі і памежнікамі», – падкрэсліў прэс-сакратар 16-й паморскай механізаванай дывізіі Марэк Набздыяк.

Мяняючы тактыку на мяжы – ад адзінкавых прарываў да групавых штурмаў – беларускі рэжым спадзяецца змусіць заходнія краіны на саступкі, мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

«Відавочна, што праблема становіцца комплекснай. Гэта не толькі праблема, каб ціснуць на суседнія краіны. Але праблема з тым, што рабіць з тымі мігрантамі, якія ўжо ёсць у краіне, што рабіць з міжнародным ціскам, які паступова ўзмацняецца», – доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч. Міграцыйны крызіс закрануў не толькі краіны Захаду. Сёння Міністэрства замежных справаў Ірану заклікала беларускія ўлады да супрацы ў справе іранцаў, якіх беларускія сілавікі затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы.

«Амбасадзе Ірану ў Беларусі даручылі ў тэрміновым парадку заняцца гэтым пытаннем. Амбасада неадкладна звязалася з МЗС ды іншымі адпаведнымі беларускімі ўладамі, каб атрымаць дадатковую інфармацыю пра становішча нашых суайчыннікаў, якія апынуліся ў пастцы на беларуска-літоўскай мяжы, і развязаць іхныя праблемы», – заявіў прадстаўнік МЗС Ірану Саід Хатыбзадэ.

Пакуль жа ў Менску колькасць мігрантаў з краінаў Афрыкі і Блізкага Усходу не змяншаецца. Цягам апошніх дзён групы такіх замежнікаў бачылі бліз гандлёвага цэнтру «Галерэя», дзе яны набывалі спартовыя рэчы і намёты. А мабільны аператар МТС увёў дадатковыя бонусы для кліентаў-замежнікаў.

Тым часам эксперты аналітычнага цэнтру DebunkEU.org прааналізавалі больш за 1600 публікацыяў аб міграцыйным крызісе ў пракрамлёўскіх медыях. Яны прыйшлі да высновы, што, наўмысна скажаючы інфармацыю аб сітуацыі на заходніх межах Беларусі, Масква інфармацыйна падтрымлівае крызіс на межах Еўразвязу. Сярод лідараў дэзынфармацыі вызначылі выданні «Спутнік», «Лента.ру» і «РИА Новости».

Ігар Станкевіч, «Белсат»