Расея можа закрыць межы і ўвесці ваеннае становішча


Пасля абвяшчэння мабілізацыі з Расеі літаральна пачалі ўцякаць людзі. З цяжкасцю – але ж пакуль ёсць магчымасць пакінуць тэрыторыю краіны. Неўзабаве сітуацыя можа змяніцца да горшага: да поўнай забароны на выезд для ваеннаабавязаных і ўвядзення ваеннага становішча. У Крымінальны кодэкс ужо ўвялі панятак «мабілізацыя» і «ваеннае становішча». Падпісаў Уладзімір Пуцін і закон аб пакаранні за здачу ў палон і дэзерцірства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ваеннаабавязаны? Пра мабілізацыю чулі? Пра крымінальную адказнасць ведаеце? Такія пытанні задаюць расейцам памежнікі. Але за мяжу маладых людзей, нават прызыўнога веку, пускаюць. Пры гэтым, закон аб мабілізацыі забараняе ваеннаабавязаным пакідаць не толькі тэрыторыю Расеі, але і межы гораду, у якім асоба зарэгістраваная.

«Улады пакуль яшчэ саромеюцца, як мне падаецца. Не асабліва жорстка падыходзяць да дастаткова адчувальнага ды істотнага права, для многіх грамадзянаў асабліва каштоўнага – магчымасці кудысьці з’ехаць», – распавёў Іван Паўлаў, адвакат і эксперт у справах дзяржбяспекі.

Паводле праграмы «Изнанка» на youtube-канале «Ходорковский LIVE», канчаткова межы Расейскай Федэрацыі для ваеннаабавязаных закрыюць 28-га верасня – адразу ж пасля правядзення гэтак званых рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны.

«Абурацца таму, што перакрытыя межы, варта было б ужо цяпер, не чакаць наступнага тыдня. Гэта лагічна, бо будзе ўжо позна. Але я думаю, што перакрыццё межаў будзе не самым горшым, у параўнанні з мабілізацыяй і, праз нейкі час, патокам трупаў з Украіны. А яны дакладна будуць», – падкрэслівае Марк Фейгін, юрыст і грамадскі дзеяч.

Магчыма, адзінай дзяржавай, куды расейцы змогуць выязджаць, застанецца Беларусь. Аднак ці будзе гэта бяспечным? Беларускія сілавікі ўжо актыўна правяраюць тых, хто прыехаў у нашую краіну пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі.

«Беларусь – дзяржава, дзе асабліва не схаваешся. Спецслужбы Расеі і спецслужбы Беларусі добра супрацоўнічаюць. Нават раней без усялякіх судовых працэдураў у Беларусі арыштоўвалі, затрымлівалі людзей, якія намагаліся зʼехаць», – зазначае Іван Паўлаў.

Наступным крокам пасля закрыцця межаў можа стаць увядзенне ваеннага становішча. Адзінае, на такія захады можа не хапіць грошай.

«Абавязковыя выплаты паводле месца службы, гарантыі кампенсацыі, нельга звольніць працаўнікоў, напрыклад, у перыяд уведзенага ваеннага становішча. Ну, там маса, разнастайныя льготы не толькі для тых, хто мабілізаваны, але і для тых, хто застаецца – семʼяў і гэтак далей. Навошта на сябе браць гэты пакет сацыяльных нагрузак?», – падкрэслівае Марк Фейгін.

Зрэшты, забарона на выезд закране не толькі тых, хто падлягае мабілізацыі. З папярэдніх дадзеных, не змогуць пакінуць краіну працаўнікі абарончых заводаў, медыкі і нават перакладчыкі. Трапяць пад забарону і чальцы іхных семʼяў.

Міхаіл Прановіч, Марыля Дакуцька, «Белсат»