Украіна ў чаканні знішчальніка F-16


Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі падчас тэлефоннай размовы абмеркавалі перадачу ўкраінскім абаронцам амерыканскіх знішчальнікаў F-16, а таксама тэрміны навучання ўкраінскіх пілотаў працы на такіх самалётах. А міністарка абароны Нідэрландаў Кайса Олёнгрэн лічыць рэальнаю пастаўку знішчальнікаў ва Украіну праз 6–8 месяцаў. Пакуль жа ва Украіне – «вайна дронаў».

Міністэрства абароны Расеі абвясціла, што адразу 42 беспілотнікі спрабавалі атакаваць паўвыспу. І нібыта ўсе ўдалося знішчыць. Генеральны штаб ЗСУ гэтай інфармацыі пакуль не пацвердзіў. Ветэран расейска-ўкраінскай вайны, маёр запасу Аляксей Гэцьман не выключае, што атака дронаў, можа, і была. І сапраўды іх маглі перахапіць расейскія сродкі. Але «гэта магло быць не 42 – гэта магло быць 2. Проста ім трэба паказаць, наколькі яны моцныя. Чаму яны не могуць перахапіць у Масква-Сіці? Там 2 ляціць і 2 прылятае».

Гэтай жа ноччу абаронцы Украіны збілі над тэрыторыяй Днепрапятроўскай вобласці ракету і беспілотнік. Знішчылі таксама 4 расейскія ракеты над Адэскаю вобласцю. Былі атакі і на Харкаўшчыну. На Херсоншчыне і ў самым Херсоне выбухі гучалі ўсе мінулыя содні. Ёсць звесткі пра забітых і параненых, у розных раёнах пашкоджаныя будынкі і знішчаныя машыны.

Збройныя сілы Украіны прасунуліся да расейскіх абарончых рубяжоў у Запарожскай вобласці на захад ад Вэрбовага, а таксама ў паўднёвую частку Работына. Працягваецца наступ на поўдзень ад Бахмуту.

Украінскія ваяры перайшлі асноўную, першую лінію абароны расейцаў – абвясціў амерыканскі генерал Марк Мілі. Паводле яго, украінцы ўжо атрымалі багата вайсковай дапамогі з усяго свету, але яе недастаткова:

«У іх шмат артылерыйскіх боепрыпасаў, шмат артылерыйскіх сістэмаў, у тым ліку артылерыя далёкага дзеяння. Але ATACMS – гэта спрэчная тэма. І праз шмат якія прычыны яны яшчэ не атрымалі яе. Прэзідэнт Байдэн пакуль не сказаў «не» ці «так».

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў запэўніў, што контрнаступ ідзе павольна і цяжка, але паводле зацверджанага плану, і гэта вельмі складаная аперацыя. Галоўная мэта – захаваць жывымі як мага болей украінскіх ваяроў. Абаронца Украіны з пазыўным Дазор не мае сумневу, што прагрэс неадменна будзе ў хуткім часе: «Нашая абарона настолькі моцна стаіць, што яны не могуць ні зайсці з флангаў, ні ўдарыць у лоб. Таму выкарыстоўваюць толькі тактыку масавага руйнавання».

Кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў апавёў, што Расея плануе мабілізаваць яшчэ 450 тысячаў чалавек. На думку маёра запасу Аляксея Гэцьмана, калі звесткі праўдзівыя, гэта будзе лёгкая пяхота, дрэнна ўзброеныя і кепска навучаныя жаўнеры. А ЗСУ ўжо цяпер пачынаюць рыхтавацца да чарговай наступальнай аперацыі – для вызвалення налета Луганскай і Данецкай вобласцяў.

Маёр запасу Аляксей Гэцьман падзяліўся сваім уласным прагнозам:

«Улічваючы, што Расея ёсць усё ж такі магутным праціўнікам: у яго і ВПК працуе, і яшчэ на складах дастаткова чаго назапашана, – я мяркую, што вайна скончыцца не раней за 2025 год».

Тым часам прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ сёння ўхваліў прапанову ўраду – даць Украіне васямнаццаты пакет вайсковай дапамогі на суму прыблізна 94 мільёны еўраў.

Марына Яновіч, «Белсат»