Беларускі рэжым знішчыў чарговыя польскія могілкі


У Беларусі працягваюць раўняць з зямлёй пахаванні польскіх жаўнераў. Чарговае паведамленне прыйшло з вёскі Сурканты, што ў Гарадзенскай вобласці. Месца разбурэння, паводле інфармацыі Саюзу палякаў у Беларусі, было заблакаванае міліцыяй, а мясцовых жыхароў, якія хацелі сфатаграфаваць працэс, палохалі затрыманнем. Выглядае на тое, што антыпольская кампанія ў Беларусі толькі ўзмацняецца.

Чарговыя могілкі польскіх жаўнераў знішчаныя ў Беларусі. Гэтым разам – проста сярод белага дня ў вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласці.

«Рэжым Лукашэнкі перайшоў усе межы, перайшоў межы цывілізаванага свету, бо ніхто ў цывілізаваным свеце не знішчае магілаў, тым больш ваенных магілаў», – кажа дэпутат польскага сейму Робэрт Тышкевіч.

Інфармацыя пра руйнаванне з’явілася адразу ж, яшчэ падчас працэсу. Паводле мясцовых жыхароў, дарогі да могілак былі перакрытыя міліцыяй, а тых, хто хацеў зняць падзеі, палохалі затрыманнем. Фотаздымкі ўжо зраўнянага з зямлёю пахавання зрабілі пасля.

«Ісці на адкрыты жорсткі канфлікт з Польшчай рэжым Лукашэнкі не мае ні магчымасцяў, ні рэсурсаў, – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. – Яны не могуць адказаць ні на эканамічныя санкцыі, ні на палітычны ціск, таму адказваюць асіметрычна – перш за ўсё ў ідэалогіі, па-другое, вось такімі гнюснымі дзеяннямі».

У Суркантах былі пахаваныя трыццаць пяць жаўнераў партызанскага атраду Арміі Краёвай – мясцовыя хлопцы, што паляглі ў бітве з батальёнам НКВД у 1944 годзе. Тады энкавэдэшнікі ўзяліся за раззбраенне і захоп аддзелаў Арміі Краёвай на новай для Савецкага Саюзу тэрыторыі. У той жа бітве загінуў выбітны афіцэр Арміі Краёвай Мацей Калянкевіч – ён быў таксама пахаваны на разбураных могілках.

«Рэжым як бы кажа: «Глядзіце, як мы можам, глядзіце, што мы можам прадпрымаць. Калі вы думаеце, што нас нешта спыніць, не, не думайце, мы можам разбураць могілкі. І гэта адзінае, чым мы можам адказаць на вашыя дзеянні», – працягвае Віталь Цыганкоў.

Мы хацелі спытаць пра знішчанае пахаванне ў Больцішскім сельсавеце, да якога належаць Сурканты, але да яго не дазваніліся. Затое нам адказалі ў Воранаўскім райвыканкаме:

«Да гэтай справы я не датычны, не магу нічога канкрэтна каментаваць па Суркантах».

«І што, я павінна вам нешта тлумачыць, чаму вас да мяне адправілі з прыёмнай? Нашая прыёмная вырашыла, што я мушу адказваць Іры па тэлефоне на нешта?»

За апошні час у Беларусі было апаганена або знішчана з дзясятак польскіх пахаванняў – медыі паведамлялі пра руйнаванні ў Мікулішках, Качычах, Ваўкавыску, Стрыеўцы. Польскае МЗС таксама паведамляла пра Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, Ашмяны, Іўе. Учора стала вядома пра знішчэнне месца памяці жаўнерам Арміі Краёвай, расстраляных НКВД у 1945 годзе, у вёсцы Пескаўцы.

«Мы маем справу з антыпольскай кампаніяй у Беларусі, – каментуе Робэрт Тышкевіч, – якая паслядоўна праводзіцца ўжо прынамсі год і павінная знішчыць людзей, звязаных з дзейнасцю польскай меншасці, а цяпер, як аказваецца, знішчыць і матэрыяльныя сляды польскай прысутнасці ды польскай гісторыі на той тэрыторыі. А гэта сляды, святыя для палякаў».

Сурканты ў шэрагу знішчэння польскіх пахаванняў – цяпер самы брутальны выпадак. Дагэтуль пра разбурэнні могілак польскіх жаўнераў станавілася вядома постфактум. Цяпер жа і цяжкая тэхніка, і міліцыя ў якасці аховы былі навідавоку.

«На такое варварства павінен быць цвёрды адказ і выяўляцца перадусім у эканамічнай блакадзе Беларусі. Не можа быць так, што чарговыя такога тыпу акты варварства атрымаюць толькі палітычныя каментары. Мусіць быць рэальны адказ, а рэальны адказ – гэта закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю для гандлю», – працягвае спадар Робэрт.

Выглядае на тое, што антыпольская кампанія ў Беларусі далёка не вычарпаная.

Ірэна Кацяловіч «Белсат»