Як спыніць дэградацыю адукацыі


Свабодны прафсаюз Беларускі звярнуўся да грамадзянаў з заклікам спыніць дэградацыю адукацыі ды разам стварыць новы праект Кодэксу аб адукацыі. У тым ліку, каб школы не сталі інструментам ідэалагічных рэпрэсіяў.

Паводле Міністэрства адукацыі, 1 верасня ў першы клас па ўсёй краіне пойдуць 118 тысячаў дзяцей. Але пойдуць у школу, якая больш ня можа быць па-за палітыкаю.

«Школа ня можа быць па-за палітыкаю. Наогул палітыкі без школы не бывае. Але палітыка там павінна быць толькі адна – дзяржаўная», – заявіў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка.

У першы дзень навучальнага года ў межах дзяржаўнай палітыкі навучэнцы будуць гуляць у віктарыны на веданне дзяржаўных сімвалаў, асэнсоўваць панятак «народнае адзінства», праглядаць ролік з выступам Лукашэнкі ды адказваць на пытанне «Чаго ад нас чакае радзіма?». Для выхавання патрыятызму ў школах уводзяцца дапрызыўная падрыхтоўка і асновы духоўна-маральнага выхавання.

«Для сённяшняй улады адукацыя – гэта калі дзеці ведаюць гімн, калі дзеці вельмі паслухмяныя. Павінна быць дысцыпліна. 422 Ніхто не кажа пра развіццё асобы, ніхто не кажа пра развіццё дзяцей, усе кажуць толькі пра дысцыпліну», – падкрэсліла Вольга Павук – экспертка ў пытаннях школы з каманды Святланы Ціханоўскай.

Тым часам дзяржаўныя ўніверсітэты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным недаборам абітурыентаў. Паводле Міністэрства адукацыі, сёлета залічылі амаль на 5 тысяч студэнтаў меней, чым планавалі, а вакантнымі засталіся 490 бюджэтных месцаў. Эксперт у галіне адукацыі Уладзімір Дунаеў бачыць дзве праблемы: скарачэнне колькасці выпускнікоў і недасяжнасць вышэйшай адукацыі для шэрагу слаёў грамадства. Аднак Лукашэнка лічыць, што сістэме адукацыі трэба мінімальна звяртаць увагу на пажаданні студэнтаў, школьнікаў ды іхных бацькоў.

«Ніякая ўлада вырашыць праблемаў адукацыі не можа, калі няма такога нацыянальнага кансэнсусу 837 і агульнай згоды ўсіх стэйкголдараў аб тым, што трэба рабіць у сістэме адукацыі, асабліва сярэдняй адукацыі», – перакананы Уладзімір Дунаеў.

Каб пераадолець праблемы навучання, Свабодны прафсаюз і адмыслоўцы заклікалі ўзяць удзел у абмеркаванні новага Кодэксу аб адукацыі. Увесну дакумент быў ухвалены парламентам у першым чытанні. Другое чытанне мае адбыцца праз тры месяцы.

«Людзі ўбачылі дзякуючы гэтым палітычным падзеям і пандэміі, што сістэма адукацыі далёкая ад таго ўзроўню і тэхнічнага, і выкладчыцкага, і маральнага аблічча выкладчыкаў», – падкрэслівае Андрэй Лаўрухін эксперт у галіне адукацыі.

Ініцыятары кампаніі разумеюць, што іхных прапановаў аб рэфармаванні сістэмы адукацыі ўлады могуць не пачуць. Аднак у новай Беларусі яны дакладна спатрэбяцца.

Ігар Станкевіч, «Белсат»