Суседзі агароджваюцца ад Беларусі


У гэты час звыш дзясятка вайскоўцаў ставяць калючы плот. Бо толькі за содні тут затрымалі 59 нерэгулярных мігрантаў.

Тым часам сітуацыя на польска-беларускай мяжы каля вёскі Уснаж-Ґурны не змяняецца. Нелегальныя мігранты з Афганістану захраслі паміж дзвюма краінамі, з абмежаванымі запасамі вады і ежы. Выратаваць людзей магчыма, для гэтага Польшча накіравала да іх гуманітарны канвой, а перад гэтым – дыпламатычную ноту ў МЗС Беларусі з заклікам дапамагчы мігрантам.

«Наш транспарт на мяжы ў Баброўніках чакаў больш за содні. Мы ўвесь час спадзяваліся, што беларускі бок адумаецца, і мы зможам дапамагчы гэтым людзям», – сказаў сёння прэм‘ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Спробы дапамогі з боку Польшчы прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў, цытата, «мультымедыя-відовішчам» і адмовіў у прыняцці гуманітарнага грузу.

«А навошта гэты канвой накіраваны? Бо калі б польскі бок рэальна клапаціўся пра ўцекачоў, то ён бы мог спакойна перадаць непасрэдна ім усё неабходнае. Тым больш што з польскага боку, як мы бачым на шматлікіх кадрах у СМІ, добрыя пад’езды для транспарту да месцаў іх знаходжання. Больш за тое, са словаў уцекачоў, яны былі затрыманыя ў Польшчы і аўтатранспартам дастаўленыя на мяжу. Так што паводле ўсіх крытэраў туды можна спакойна пад’ехаць. Але замест развязання пытання ладзіцца вось гэтае мультымедыя-відовішча», – адказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Адказ Польшчы рашучы:

«Іх запрасіла Беларусь, а значыць паводле міжнароднага права Беларусь нясе за іх адказнасць. Таму мы працягнем абараняць нашыя межы ад нелегальнай іміграцыі, ад незаконнага ўвозу людзей. Бо так гэта мусіць называцца», – адказаў на гэта Матэўш Маравецкі.

Гэта ж заяўляе і польскі МЗС у адказ на заклікі ААН прымаць мігрантаў.

«Польшча цалкам выконвае Канвенцыю аб статусе ўцекачоў і яе пункты ў бягучай сітуацыі. Чакаем, што Беларусь як удзельніца канвенцыі выканае ўзятыя на сябе абавязкі ды надасць неабходную дапамогу асобам, якія перабываюць на яе тэрыторыі», – значыцца ў адказе МЗС Польшчы.

Усяго ж з пачатку жніўня польскія памежнікі налічылі амаль 3 тысячы спробаў нелегальнага мінання мяжы з боку Беларусі. Літва ж з пачатку года спыніла звыш чатырох тысячаў такіх выпадкаў. Сёння стала вядома: НАТО накіруе ў балтыйскую краіну сваіх жаўнераў. Такая захада можа прывесці да ўзброенага канфлікту, лічыць кіраўнік даследчых праектаў Цэнтру сацыяльнага інжынерынгу РАНД Украіны Дзмітрый Грамакоў.

«Узмацненне кантролю мяжы, узмацненне прысутнасці вайсковай сілы на мяжы, як Літвы, гэтак і Польшчы, непазбежна прывядзе да інцыдэнтаў на памежных тэрыторыях», – кажа Дзмітрый Грамакоў.

Цяпер пытанне толькі ў тым, як на гэта адрэагуе афіцыйны Менск, лічыць эксперт.

Надзея Бельская, «Белсат»