Белгідрамет папярэджвае пра чырвоны ўзровень небяспекі


Праз спёку ў Беларусі аб’яўлены чырвоны ўзровень небяспекі. Сярэдняя дзённая тэмпература ў Беларусі складае больш за 30 градусаў цяпла, а на паўднёвым усходзе дасягнула 36 градусаў.

Напярэдадні тэмпературны рэкорд зафіксавалі ў Магілёве і Менску – паветра прагрэлася да 37 і 35 градусаў адпаведна. Найбольшае значэнне тэрмометры паказалі на Гомельшчыне, у пасёлку Акцябрскі: больш за 37 градусаў.

Пра такое гарачае надворʼе выказаліся жыхары і госці Віцебску:

«Пырскаю на сябе вадой, пʼю болей вады, ну, і менш ем».

«Самае галоўнае не стагнаць, не гаварыць «ой, спякотна, ой, дрэнна».

«Можна зʼездзіць на возера пакупацца, ужо неяк трэба пагрэцца пад сонейкам».

«Хаваемся, дзе прахалодней, нават у лазні сяджу – калі яна, вядома, не напаленая».

«Іду ў душ гарачы, а калі пасля гарачага душу выходзіш на вуліцу, то нашмат лепей пачуваешся».

Анамальнай спёкі ў Беларусі не вытрымалі асфальт і трансфарматарныя падстанцыі. Паводле Міністэрства энергетыкі, праз экстрэмальна высокую тэмпературу паветра пераграваецца абсталяванне. Пакутуюць і людзі – за апошні тыдзень з цеплавымі ўдарамі ў медычныя ўстановы звярнуліся 117 беларусаў, 32 з іх былі шпіталізаваныя.

«Ну гэта добра, але занадта, не падабаюцца гэтыя дні».

«Вельмі цяжка пераносіцца людзьмі ў старэйшым узросце – у каго вялікі ціск, паўната».

«Мне падаецца, я схуднела, бо моцна пацею. У астатнім нічога – давялося адкрыта адзявацца».

«Спякотна вельмі, хочацца пастаянна піць, на вуліцы не хочацца быць – хочацца быць у памяшканні», – адзначаюць беларусы на вуліцах Віцебску.

У Беларусі забаронена наведваць лясы ў 104 раёнах – яны адзначаны чырвоным на інтэрактыўнай мапе ад Міністэрства лясной гаспадаркі.

На паўночны захад Беларусі прыйшоў моцны град. Магутны лівень накрыў Смаргонь, Маладзечна і Валожын. Учора навальніцы і вецер павалілі ў Беларусі некалькі дзясяткаў дрэваў і пашкодзілі збудаванні.

Больш жорсткія наступствы анамальнага надворʼя адчулі ў Еўропе. Моцны ўраган у Польшчы прывёў да затаплення вуліцаў і разбурэння будынкаў. Ратавальнікі выязджалі на выклікі больш за 2600 разоў.

Горай жыхарам Чэхіі – туды прыйшоў тарнада, які разбурыў 2000 дамоў на паўднёвым захадзе краіны. Ад непагадзі пацярпелі больш за 200 чалавек, ёсць загінулыя. Хуткасць ветру дасягала 400 км/г.

«Гэта адбылося вельмі хутка. Позна ўвечары сышліся хмары ў небе, грымела, а потым надышла за адзін момант такая агромністая цёмная варонка, як смерч. Прасціны ляталі ў паветры, і ўсё пачалося», – пракаментаваў жыхар разбуранай чэшскай вёскі Грушкі Ёзэф Летал.

«Наша вёска адчула наступствы тарнада. Палову вёскі – ад царквы да галоўнай дарогі – практычна зраўняла з зямлёй», – адзначыў намеснік кіраўніка вёскі Грушкі Марэк Бабіш.

Беларусам таксама варта падрыхтавацца – увечары абяцаюць навальніцы ды дажджы. Пасля гэтага спякота на большай частцы тэрыторыі аслабне.

Ірына Карніенка, «Белсат»