Расейскія СМІ: Польшча рыхтуецца зладзіць узброены пераварот у Беларусі


Расейскія СМІ бамбяць інфармацыйнае поле загалоўкамі: Польшча нібыта рыхтуецца зладзіць узброены пераварот у Беларусі, Польшча пацвердзіла планы NATO атакаваць Беларусь і гэтак далей. Усё гэта на падставе інтэрв’ю адстаўнога генерала. Справу ўжо каментуюць Лукашэнка і Крэмль. Але ўсё дакладна наадварот. Былы генерал, які цяпер не мае дачынення да ўраду, крытыкуе польскі ўрад за негатовасць да магчымага паўстання ў Беларусі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Старшыня лукашэнкаўскай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў шукае сляды працы заходніх спецслужбаў, кібер-казачка Вольга Бондарава кажа пра пагрозы з боку нацыстаў, а старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч звяртаецца да палякаў: хопіць нас пужаць!

Так у Менску прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі рэагуюць на інтэрвʼю былога намесніка міністра абароны Польшчы Вальдэмара Скшыпчака пра тое, што Польшча мусіць рыхтавацца да магчымага ўзброенага паўстання ў Беларусі. І сам Лукашэнка адказвае расейскім СМІ.

«Тое, што яны рыхтуюцца ў нас да нейкага мяцяжу, мы ведаем даўно. Мы адсочваем іх. Тыя хлопцы, пра якіх казаў гэты хворы генерал. Там ствараюцца харугвы, цэлыя палкі, батальёны – так яны гэта называюць. Мы ведаем, дзе яны знаходзяцца, і кожнага ведаем імя», – так Аляксандр Лукашэнка ў Маскве адказаў працаўніку тэлеканалу «Россия 1» Павел Зарубін.

Расейскія ўлады таксама каментуюць, і абяцаюць, калі трэба, падтрымаць Лукашэнку на полі бою сяброўскім агнём.

«Польскі генерал, намеснік міністра абароны, заявіў, што Польшча рыхтуецца да магчымага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі, бо з яе пункту гледжання ў Беларусі мусіць адбыцца паўстанне. А яны падтрымаюць гэтае паўстанне ўзброеным чынам», – так задаваў пытанне Дзмітрыю Пяскову Павел Зарубін.

«Польшча – варожая для Расеі дзяржава, і польскае кіраўніцтва проста заходзіцца ў істэрыках русафобіі. Варожая для Расеі дзяржава фактычна адкрыта кажа пра свой намер умешвацца непасрэдна, у тым ліку сілавымі метадамі, ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы», – адказаў Зарубіну прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна.

Яшчэ раз паўторым тое, што кажуць расейцы.

«Польшча рыхтуецца да магчымага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі», – казаў на тэлеканале «Россия 1» Павел Зарубін.

І разбярэмся, што адбылося насамрэч. Напярэдадні ў Варшаве на тэлеканале «Polsatnews» былы намеснік міністра абароны Вальдэмар Скшыпчак раскрытыкаваў сённяшні ўрад за тое, што яны нібыта могуць праспаць узброенае паўстанне ў Беларусі. Каментуючы рэйд расейскіх добраахвотнікаў у Белгародскай вобласці, ён прыгадаў беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер ваююць за Украіну, і могуць выступіць супраць сілавікоў Аляксандра Лукашэнкі.

«Трэба быць гатовымі падтрымаць тыя падраздзяленні, што будуць праводзіць баявую аперацыю супраць Лукашэнкі. Лукашэнка праводзіць аперацыі супраць нас, Польшчы: штурм граніцы, мігранты і гэтак далей. Таму мы маем прычыны дапамагаць іншым так, як дапамагаем украінцам», – заявіў Вальдэмар Скшыпчак, камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы (2006–2009), віцэ-міністр абароны (2012–2013).

Вальдэмар Скшыпчак, камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы (2006–2009), віцэ-міністр абароны (2012–2013).
Фота: gazetaprawna.pl

Вальдэмар Скшыпчак быў намеснікам міністра абароны падчас кіравання ў Польшчы партыі «Грамадзянская платформа» – яны ў апазіцыі цяперашняму ўраду парты «Закон і справядлівасць». У Польшчы хутка выбары. І заявы Скшыпчака ніяк не могуць прадстаўляць пазіцыю Польшчы, гэта крытыка сённяшняга ўраду.

«Былы генерал і былы намеснік міністра абароны. Ён цяпер ніякіх афіцыйных пазіцыяў не займае. Тое, што ён сказаў, можна разглядаць як тлумачэнне аналітыка, як падыход адмыслоўца, як аналіз дадзенай сітуацыі», – падкрэслівае Кацпэр Ваньчык, палітолаг з «Politykainsight.pl».

Падкрэслім, Вальдэмар Скшыпчак выказаў спадзеў, што калісьці настане момант, калі ўкраінцы адваююць свае тэрыторыі, у расейцаў будуць свае ваенныя праблемы, а беларускія добраахвотнікі паедуць вызваляць сваю радзіму.

«Беларусы ва Украіне маюць экіпіроўку, яны натрэнаваныя. Патрэбныя, вядома, зброя і боепрыпасы, каб правесці аперацыю. Мне падаецца, для падрыхтаваных ва Украіне беларусаў не будзе вялікай праблемы ў Беларусі. І беларускі народ іх падтрымае, і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі», – перакананы адстаўны генерал.

Палітычныя фігуры пачулі ў словах генерала тое, што хацелі пачуць.

«Былых генералаў не бывае, таму і папулістычных меркаванняў у былых генералаў таксама не можа быць. Гэтыя словы Валдэмара Скшыпчака сталі інфармацыйнай нагодай для абмеркавання», – заявіў у эфіры «Белсату» Павел Усаў, які прадстаўляе Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь».

Але незалежныя аналітыкі заклікаюць да асцярожнасці ў ацэнках.

«Генерал хацеў сказаць: трэба глядзець не толькі на сітуацыю ва Украіне, але і на сітуацыю ў Беларусі», – нагадвае Кацпэр Ваньчык.

Кацпэр Ваньчык нагадвае, што рэжым Лукашэнкі ўцягнуў Беларусь у саўдзел у расейска-ўкраінскай вайне. Адсюль і напружанасць і ў заявах, і ва ўспрыманні гэтых заяваў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»