Кулеба: Перад скасаваннем санкцыяў паглядзіце на трупы ўкраінскіх дзяцей


Захоп украінскіх земляў і так званая спрошчаная «пашпартызацыя» на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Расея спяшаецца замацаваць за сабою занятыя тэрыторыі, а з іншага флангу – спрабуе любымі спосабамі аслабіць санкцыйны ціск на сваю эканоміку. На гэта кіраўнік МЗС Украіны адказаў на форуме ў Давосе: « перш чым адмяняць санкцыі імём харчовай бяспекі – наведайце Украіну і паглядзіце на трупы нашых дзяцей».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сюжэце, нібыта знятым на Севераданецкім кірунку, расейскія войскі штурмавалі пусты будынак – высмейваюць акупантаў украінскія медыі. Аператар «фільму» нават не спрабуе схавацца ад агню ў адказ, бо ніхто не адказвае. Пасля чаго баявік рапартуе, што «освободили очередной населенный пункт от украинских неонацистов».

Літва накіравала ва Украіну чарговую вайсковую дапамогу на суму пятнаццаць з паловаю мільёнаў еўраў, каб дапамагчы ёй вызваліць Украіну ад расейскага войска. Бо апетыты захопнікаў растуць. Калабарацыянісцкая адміністрацыя Запарожжа заявіла пра план далучыць вобласць да Расеі. Толькі мінулаю ноччу па Запарожжы выпусцілі 4 ракеты, што не надта заахвочвае людзей змяніць грамадзянства.

«Ехаў за людзьмі ранкам на канечны прыпынак. Прагучаў выбух і ўсё ляцела з крышы. І разбіла аўтобус», – кажа кіроўца і паказвае нашым карэспандэнтам разбіты аўтобус.

Найбліжэйшы тыдзень будзе вызначальным для Луганскай вобласці, мяркуе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Акупанты імкнуцца да мяжы з Луганскаю вобласцю. На ўскраінах Севераданецку – цяжкія баі ды адпаведная сітуацыя. На горад скідаюць авіябомбы, б’юць «Градамі» і «Смерчамі», абстрэльваюць артылерыяй». Кіраўнік Севераданецкай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Раман Уласенка паведаміў «Белсату»:

«Сітуацыя складаная з гуманітарнага пункту гледжання. Шмат людзей застаюцца ў Севераданецку. Гэта фактычна жыццё пад абстрэламі. Кожны дзень да 10 грамадзянскіх асобаў – гінуць. Прыкладна такая ж колькасць параненых».

Гуманітарныя калідоры па-ранейшаму працуюць скрозь перыядычныя абстрэлы. Паміж Лісічанскам і Бахмутам украінцы праводзяць эвакуацыю толькі спецтранспартам МНС і паліцыі. Цывільныя аўтамабілі не выязджаюць.

«Ворагі не адмаўляюцца ад таго тэрору, якім яны бралі Папасную, Рубежнае, Марыупаль. Тое самае цяпер адбываецца ў Севераданецку», – з жалем у голасе канстатуе Раман Уласенка.

Расея ўзмацніла ракетныя абстрэлы паўднёвых вобласцяў Украіны. Сёння ўначы ракетныя ўдары нанеслі па Крывым Розе, Харкаве, Пакроўску, Краснаполлі. Абстрэлы ў Краматорску, Лімане і Севераданецку былі несупынныя.

Расейцы сёння паказалі, як размініруюць узбярэжжа Марыупалю і зрабілі заяву, датычную ўкраінскага гораду, узятага імі пасля трох месяцаў аблогі.

«Размініраванне і дэмілітарызацыя марскога порту гораду Марыупаль (…) у цяперашні час завершанае. Марскі порт працуе ў штатным рэжыме», – заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў.

Расея пачала гандаль узятымі ў палон караблямі: прапанавала гуманітарны калідор для ўкраінскіх судоў, якія перавозяць харчы у абмен на скасаванне некаторых санкцыяў Захаду. Дзярждума ў сваю чаргу пачынае аналізаваць дакументы, звязаныя з зыходам шэрагу бізнес-партнёраў з яе рынку, у выніку чаго яна таксама адмовіцца ад шэрагу пагадненняў – паведаміў дэпутат Дзярждумы Ігар Талстой:

«Элементы гандлёвых блакадаў, уведзеных супраць нашай краіны – гэтыя нелегітымныя санкцыі супярэчаць прынцыпам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Адпаведна, закрыццё рынкаў для тавараў з Расейскай Федэрацыі таксама наўпроставае супярэчанне прынцыпам СГА».

Масква і Менск, называныя агрэсарамі, намагаюцца схіліць краіны ААН да скасавання часткі санкцыяў – дзеля змагання з голадам у трэціх краінах. На эканамічным форуме ў Давосе кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба прапанаваў:

«Я хачу, каб кожны палітык, незалежна ад статусу ў міжнародных адносінах ці краіны, якую прадстаўляе, перш чым сказаць пра тое, што санкцыі трэба зняць дзеля выратавання дзяцей ад голаду недзе ў свеце, прыехаў ва Украіну. Каб убачыў трупы ўкраінскіх дзяцей, паразмаўляў з бацькамі, чые дзеці былі згвалтаваныя расейскімі салдатамі, і закрыюць рот», – прамовіў Кулеба.

Масква ж не думае адступацца ад свайго плану. Пуцін выдаў указ аб спрошчаным наданні расейскага грамадзянства жыхарам часткова акупаваных Херсонскай і Запарожскай вобласцяў. Раней такую палітыку праводзілі ў самаабвешчаных ЛДНР і для нарадзінцаў Крыму, якія пакінулі паўвостраў да яго анексіі Расеяй.

Юлія Цяльпук, «Белсат»