КДБ называе палітвязняў «тэрарыстамі». Да чаго прывядзе далейшы ціск?


КДБ усё часцей ужывае слова «тэрарыст» у дачыненні палітычных вязняў, у тым ліку тых, хто даўно за кратамі і нават тэарэтычна не мог весці ніякай грамадскай дзейнасці. Чарговы палітзняволены ў спісе гэтак званых тэрарыстаў – Руслан Слуцкі, асуджаны на адзінаццаць гадоў за падкідванне шыпоў пад аўтакалону прыхільнікаў Лукашэнкі. Вітаўт Сіўчык працягне тэму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новыя рэпрэсіі ад КДБ. Пачынаючы з 20-га траўня і да сёння лукашэнкаўскія чэкісты пашырылі спіс гэтак званых тэрарыстаў яшчэ на 20 чалавек.

Сярод гэтак званых тэрарыстаў апынуліся прадстаўнікі штабу Віктара БабарыкіМарыя Калеснікава і Максім Знак, якія ўжо асуджаныя на 11 і 10 гадоў ды ўвесь час падкрэслівалі: пратэст павінен быць мірны.

«Мы, беларусы, выбралі шлях мірнага супраціву. А гэты шлях патрабуе часу», – казала на Маршы 23.08.2020 Марыя Калеснікава.

«Я браў удзел сам у мірнай акцыі. Мне заўсёды радасна бачыць столькі натхнёных людзей, столькі ўсмешак, столькі радасных твараў», – распавёў у каментары «Белсату» Максім Знак 24.08.2020

У спісе – палітзняволеная Антаніна Канавалава, давераная асоба Святланы Ціханоўскай (якую КДБ назваў «тэрарысткай» яшчэ летась) і паплечнік Міколы Статкевіча – палітвязень Сяргей Спарыш, асуджаны нібыта за датычнасць да тэлеграм-каналу «Армія з народам» і схоплены яшчэ да жніўня 2020-га года.

«Там ёсць людзі, напрыклад, са 130 артыкулам Крымінальнага кодэксу РБ, то бок, за распальванне нейкай варожасці. Якім бокам распальванне варожасці да тэрарызму? Вельмі цяжка нацягваць гэтую саву на глобус», – звяртае ўвагу праваабаронца з «Вясны» Аляксандр Буракоў.

Тэрарызм – гэта тое, што асацыюецца са смяротным пакараннем. Тыдзень таму Лукашэнка афіцыйна пастанавіў, што людзей можна пазбаўляць жыцця за, цытата, «замах на тэрарызм». Усё гэта ні больш ні менш спроба запужаць беларусаў, гаворыць залучаны раней у спіс гэтак званых тэрарыстаў Павел Латушка:

«Грамадства не змяніла свайго пункту гледжання супраць гэтай дыктатуры – жудаснага рэжыму, які ўтрымлівае яшчэ ўладу ў Беларусі. І тое, што ён хоча павысіць ступень пагрозы да людзей, гатовых да актыўнай дзейнасці супраць гэтага рэжыму».

Залучэнне ў гэты спіс адбываецца па-за судамі, аспрэчыць рашэнне нават фармальна няма магчымасці. Праваабаронца Аляксандр Буракоў зазначае: акты фізічнага пратэсту нельга кваліфікаваць як тэрарызм, як, напрыклад, у выпадку гомельца Андрэя Паднябённага.

«Я думаю, што гэта робіцца, відавочна, нейкая лухта. Калі за прабіццё колаў аб’яўляецца тэрарыстам, альбо, як у выпадку з Антонам Нагелам, пакінуў 13 каментароў у Смаргонскім чаце, абразіў міліцыянтаў – і таксама нібыта тэрарыст».

Апошнія пашырэнні спісу КДБ, як і працэс супраць «групы Аўтуховіча», – гэта працяг размывання слова «тэрарызм» прадстаўнікамі рэжыму. На думку акадэмічнага дырэктара BISS Пятра Рудкоўскага, Лукашэнка хоча паказаць Пуціну, што ён трымае сітуацыю ў Беларусі пад поўным кантролем, рэпрэсіі такога ўзроўню могуць працягвацца ад паўгода да некалькіх гадоў, але…

«У любы момант можа пачацца калапс, ці па прычыне таго, што Масква губляе свае пазіцыі, гэта таксама перспектыва цалкам рэальная, яна, хутчэй за ўсё, не за гарамі, гэта вельмі важны фактар».

Да таго ж у публічнай прасторы гучыць усё больш меркаванняў: МІРНЫ пратэст, прыхільнікаў якога лукашэнкаўскія органы называюць «тэрарыстамі», можа змяніць сваю форму.

«Будуць выпушчаныя палітзняволеныя, тыя, хто будзе гэтаму замінаць, яны будуць проста знішчаныя. Гэта пасыл да беларускіх амапаўцаў і да тых «вертухаяў», якія, магчыма, цяпер здзекуюцца з беларускага народу, беларускіх палітвязняў», – сказаў у нашым эфіры Вадзім Кабанчук, прадстаўнік палка Кастуся Каліноўскага.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»