Падрабязнасці працэсу над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»


Усямёх у адной цеснай клетцы. У зале блізкія, якіх яны не бачылі месяцы. Гэтак сёння судзілі Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Агулам ім прысудзілі 40 гадоў зняволення.

Месца дзеяння – Магілёўскі абласны суд. Суддзя – Ірына Ланчава. Ейнаю пастановаю сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Севярынец, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель і Андрэй Войніч атрымалі найвышэйшыя з тэрміны – па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па 5 гадоў – Павел Юхневіч, Максім Вінярскі і блогер ют’юб-каналу «Шэры кот» Зміцер Казлоў. У калонію агульнага рэжыму накіравалі толькі рэдактарку некалькіх тэлеграм-каналаў Ірыну Шчасную, адзіную сярод іх жанчыну. Ёй прысудзілі 4 гады.

«Я вельмі, вось дагэтуль уражаны тым, што падавалася, што ўсё было быццам нармальна. Я думаў, я звычайнае жыццё пражыву на Валгаградскай у Беларусі. А тут, вось, да мамы ўварваліся наўпрост куча амапаўцаў там усялякіх», – распавядае сын Ірыны Шчаснай.

Усіх семярых прызналі вінаватымі паводле двух крымінальных артыкулаў: 2 частка 293-га «Арганізацыя масавых беспарадкаў» і 1 частка 13-га «Рыхтаванне да злачынства». Яўгену Афнагелю ды Андрэю Войнічу яшчэ дадалі 3-ю частку 293 артыкулу – нібыта за фінансаванне ды іншае матэрыяльнае забяспечванне пратэстаў.

Паводле версіі першага намесніка начальніка Галоўнага Следчага Ўпраўлення Следчага камітэту Аляксандра Агафонава, палітзняволеныя меліся ўчыніць, цытата: «каляровую рэвалюцыю» і «беламайдан». Нібыта Севярынец, абʼяднаны са Статкевічам і Ціханоўскім, яшчэ з 2019-га рыхтавалі пратэсты і распаўсюджвалі адпаведную інфармацыю. Зміцер Казлоў падбухторваў людзей сваймі відэаролікамі, а Ірына Шчасная за 600 рублёў у месяц ад Афнагеля вяла тэлеграм-каналы. Той у свой час з Войнічам, Вінярскім і Юхневічам дэананімізавалі сілавікоў.

«Ірына стрымліваецца. Яна старалася падтрымліваць сваіх бацькоў на судзе. Яна і ўсміхалася, і махала рукой, але на фотаздымках відаць, у якім яна перабывае стане», – кажа муж Ірыны Шчаснай Аляксандр.

Павел Севярынец за кратамі з 7 чэрвеня, то бок даўжэй за ўсіх. Наступным зняволілі Змітра Казлова. Яго, як і Севярынца, адразу затрымалі на содні. Потым справу перакваліфікавалі ў крымінальную. 25 верасня брутальна затрымалі Паўла Юхневіча і Андрэя Войніча, Яўгену Афнагелю выбілі вокны ў кватэры. У іхным выпадку адразу ж распачалі крымінальную справу. Ірыну Шчасную сілавікі, пераапранутыя ў форму камунальнікаў, забралі 18 лістапада. Апошнім затрымалі Максіма Вінярскага.

«Кожны з іх – гэта прыстойны грамадзянін Беларусі. Гэта людзі, якія маюць сваё меркаванне. У той жорсткай сістэме 26 гадоў – яны засталіся беларусамі, людзьмі годнымі, з пачуццём годнасці», – кажа Таццяна Севярынец.

Блізкія і родныя палітвязняў будуць абскарджваць прысуды.

Надзея Бельская, «Белсат»