Выбарчая камісія зацвердзіла 12 спісаў і 265 кандыдатаў


Выбарчая камісія для выбараў у Каардынацыйную раду правяла адкрытае паседжанне на платформе YouTube, на якім зацвердзіла спісы для галасавання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не прайшоў рэгістрацыі толькі спіс «За годнасць беларусак» з дзесяці чалавек. Ад лідара спісу – Яраслава Грыгор’ева, які абвесціў сябе трансгендарнай жанчынай, не атрымалі пацверджання беларускага грамадзянства. А праз выключэнне лідара са спісу колькасць чальцоў у ім не дасягала неабходнага мінімуму – дзесяці асобаў.

«З улікам таго, што мы цяпер прагаласавалі за адмену рэгістрацыі аднаму выбарчаму субʼекту, у нас засталося 12 спісаў, якія рашэннем Выбарчай камісіі дапушчаныя да ўдзелу ў выбарчай кампаніі», – падвяла вынік працы Выбарчай камісіі яе старшыня Алена Прыходзька.

Чарговасць спісаў у выбарчым бюлетэні вызначылі з дапамогай штучнага інтэлекту. Двое содняў удзельнікі выбарчай кампаніі маюць на падаванне скаргаў, але ўжо сёння пачынаецца агітацыя.

Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» прапанавала ўсім удзельнікам выбараў падпісаць Пакт аб сумленных выбарах. Гэта садзейнічанне інфармаванасці выбарнікаў, паважлівае стаўленне да канкурэнтаў і адмова ад негатыўнай агітацыі, сумленнасць у камунікацыях і даступнасць інфармацыі. А таксама захоўванне выбарчых стандартаў і паслявыбарчая супраца.

Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава, чальца Аб’яднанага пераходнага кабінету, у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Пра выбары ў Каардынацыйную Раду – як і ў іншыя структуры палітычныя прадэмакратычных сілаў – варта верыць у тым сэнсе, што яны могуць рабіць унёсак у развіццё патэнцыялу беларусаў, якія заангажаваныя ў пэўныя палітычныя працэсы», – кажа дырэктарка Цэнтру новых ідэяў, паліталагіня Леся Руднік.

Выбары і дзейнасць Каардынацыйнай рады маюць даць досвед выбудоўвання дэмакратычных працэдураў і развіццё грамадзянскай супольнасці. Але эфектыўныя дзеянні магчымыя толькі ў замежжы. Ад беларусаў, што застаюцца ў краіне, палітолагі вялікай актыўнасці і не чакаюць.

«Мінусы ў дасяжнасці да ўлады, мінус у тым, што няма наўпрост добрых эфектыўных каналаў камунікацыі з беларусамі ўнутры краіны і сувязяў, што дазволілі б рабіць нейкія палітычныя ці актывісцкія захады ўнутры краіны», – мяркуе Леся Руднік.

Старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька заклікае беларусаў унутры краіны асабліва ўважліва сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі і выконваць захады бяспекі падчас галасавання:

«Адказны за тэхнічны бок Павел Лібэр і ўся каманда зрабілі ўсё неабходнае, усё магчымае, каб галасаванне адбывалася максімальна дэцэнтралізавана і максімальна бяспечна для ўсіх удзельнікаў. Калі будзеце выконваць адпаведныя інструкцыі, то вам нічога не пагражае».

Выбары ў каардынацыйную Раду пачнуцца 25-га траўня і працягнуцца тры дні. Абяруць 80 дэлегатаў з двухгадовым тэрмінам паўнамоцтваў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»