Ракеты вялікай далёкасці ўжо паступілі на ўзбраенне Украіны


ЗША пацвердзілі, што ў красавіку таемна паставілі Украіне неназваную колькасць ракетаў ATACMS.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Перамяшчэнне ракетаў пачалося ў межах пакету ваеннай дапамогі, пра які мы абвесцілі 12 сакавіка. Ракеты прыбылі ва Украіну ў гэтым месяцы. Мы не паведамлялі пра гэта раней, каб падтрымліваць аператыўную бяспеку Украіны на яе просьбу», – сказаў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Вэдант Патэл.

Згодна з агенцтвам «Ройтэрз», гэтыя ракеты неўзабаве выкарысталі для ўдару па Джанкойскім аэрадроме ў акупаваным Крыму, а таксама па расейскіх войсках у акупаваным Бярдзянску.

«Гэта дае магчымасць ЗСУ трымаць пад сваім кантролем акупаваныя тэрыторыі Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і ўвесь акупаваны Крым, – мяркуе вайсковы аналітык Дзмітрый Снегіроў. – У першую чаргу ўдары будуць наносіцца па аэрадромах і месцах базавання расейскіх гелікоптараў і самалётаў з мэтаю змяншэння актыўнасці расейскай штурмавой авіяцыі».

ЗША пастаўлялі ATACMS і раней. Але іншую мадыфікацыю, з далёкасцю стральбы да 165-ці кіламетраў. Новыя ж ракеты могуць паражаць цэлі на адлегласці ўжо 300 кіламетраў. Праўда, ёсць умова наконт іх выкарыстання.

«Я магу пацвердзіць, як вы чулі ад іншых, што ў лютым прэзідэнт загадаў сваёй камандзе даць Украіне значную колькасць ракет ATACMS для выкарыстання на суверэннай тэрыторыі Украіны», – сказаў дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запуск аператыўна-тактычнай ракеты MGM-140 ATACMS з пускавой сістэмы M142 HIMARS.
Фота: U.S. Marine Corps

Акрамя ATACMS ЗША распачалі пастаўкі іншай зброі. Найперш – бранетэхнікі, абсталявання для супрацьпаветранай абароны, боепрыпасаў да артылерыі і рэактыўных сістэмаў.

Гэта вынік падпісання Джо Байдэнам дакумента аб вылучэнні 61-мільярднага пакету дапамогі Украіне.

«Я сачу за тым, каб пастаўкі пачаліся неадкладна. У бліжэйшыя некалькі гадзін, – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. – Гэты пакет – гэта літаральна інвестыцыі не толькі ў бяспеку Украіны, але і ў бяспеку Еўропы і ў нашую ўласную бяспеку».

«Зараз мы зробім усё, каб кампенсаваць паўгода, праведзеныя ў спрэчках і сумневах. Тое, што змог зрабіць за гэты час расейскі акупант, тое, што цяпер плануе Пуцін, мы павінныя развярнуць супраць яго», – упэўнены прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Пэўная частка ўзбраенняў прызначаная для перадачы Украіне, застаецца на вайсковых базах ЗША ў краінах NATO. Але як хутка іх могуць даставіць на перадавую?

«Расейская Федэрацыя з дапамогаю сваіх сатэлітаў з ліку палітычных партый краінаў Еўропы можа заблакаваць асобныя ўчасткі ўкраінска-польскай і ўкраінска-румынскай мяжы, – разважае Дзмітрый Снегіроў. – І звярну ўвагу, што дзеянні еўрапейскіх правых дзіўным чынам супадаюць з заявамі палітычна-вайсковага кіраўніцтва Расеі пра тое, што прыярытэтнымі цэлямі ракетных удараў з боку РФ будуць лагістычныя аб’екты з мэтаю перарваць вайскова-тэхнічную супрацу з краінаміNATO».

Між тым, сітуацыя на фронце вымагае хуткіх паставак зброі. Згодна з выданнем «Більд», пасля прарыву фронту на данецкім кірунку ў раёне Ачэрэтына, расейцы захапілі яшчэ адно сяло – Навабахмутаўку.

Ян Федаровіч, «Белсат»