Беларусы памінаюць продкаў


Пакуль жывуць успаміны пра нашых блізкіх, не знікае памяць – не сыходзяць і яны. Радаўніца – дзень асаблівы. Мы ідзем на магілы продкаў. Дзелім ежу, нехта налівае чарку, узгадваем, сустракаемся. Гэта дзявяты дзень пасля Вялікадня ў праваслаўных ды грэка-каталікоў. Дзень – выходны нават афіцыйна. Чаго няма, напрыклад, ва Украіне ці Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Радуніца – дзень памінання памерлых. Людзі прыходзяць на могілкі, каб згадаць продкаў. Ва Украіне, дзе ідзе вайна, дні памінання продкаў – чарговая нагода ўшанаваць памяць абаронцаў Радзімы.

«З маім братам і мужам прыйшлі ў тое месца, дзе пахаваныя нашыя хлопцы – байцы, якія абаранялі нашую краіну. І мы прыйшлі ўшанаваць іхную памяць. Мы мусім іх памятаць і прыйсці, нават на кожны фотаздымак паглядзець ды іх узгадаць», – распавяла жанчына, што прыйшла на могілкі ў адным з украінскіх гарадоў.

З дахрысціянскае пары і да сёння Радуніца – адзін з найжывейшых абрадаў у Беларусі.

«Агульны сэнс – гэта тое, што Хрыстос перамог смерць, а радасць пра Хрыстова ўваскрашэнне агульная як для тых хто жыве на зямлі, так і для нашых спачылых. І мы прыходзім на магілы, каб дзяліцца гэтай радасцю, каб абвяшчаць гэту радасць, што Хрыстос перамог смерць, што ён уваскрэс і што ўваскрэснем усе мы», – адзначыў беларускі праваслаўны святар Георгій Рой.

На Радуніцу беларусы прыносяць на могілкі пачастунак для сваіх спачылых. У некаторых мясцінах стае велікодных яек ці цукерак, недзе ж ладзяцца багатыя застоллі, у тым ліку са спіртнымі напоямі. Царква такога падыходу не ўхваляе.

«Некалі хрысціяне пакідалі на магіле ежу для бедных людзей. І бяздомныя ў гэты дзень маглі прыйсці на могілкі, узяць тую ежу і памаліцца за таго чалавека, які пахаваны. Гэта была такая форма хрысціянскай міласэрнасці», – дадаў Георгій Рой.

Для многіх беларусаў самы зразумелы і звыклы спосаб ушанаваць памяць нябожчыкаў – прынесці кветкі. Нярэдка – кветкі штучныя. Эколагі б’юць у званы: для таго, каб пластык расклаўся, спатрэбіцца да паўтысячы гадоў.

«Штучныя кветкі вырабляюць з розных відаў пластыка, з-за чаго іх немагчыма потым перапрацаваць. То бок калі чалавек пакідае ў сметніцу для пластыка – з гэтымі кветкамі абсалютна нічога не зробяць. Плюс фарбы, якія выкарыстоўваюцца для гэтых кветак – яны таксама маюць небяспеку, бо занадта таксічныя», – распавяла нам эколаг Паліна Бурко.

З розных прычынаў не кожны мае магчымасць самастойна даглядаць пахаванні сваіх блізкіх. У такіх сітуацыях можна звяртацца да адмысловых фірмаў. Кошт паслугі залежыць ад плошчы. Стандартным аднамесным лічыцца пахаванне памерам метр сорак на два трыццаць.

«Па кошце прыбіранне аднамеснага пахавання абыдзецца ў 150 рублёў. Калі ў вас большы па памеры ўчастак – будзе даражэй», – паведамілі з агенцтва рытуальных паслуг.

У гэтую суму ўваходзіць прыбіранне смецця, вырыванне пустазелля, мыццё помніку і агароджы.

«Мы проста групуем усе заяўкі, адпраўляем машыну. Яна едзе па сваім маршруце і заязджае на месцы пахавання. Гэта тая машына, якая робіць выезд. У нас арганізацыя знаходзіцца ў Менску, тут працаўнікі сваім ходам рухаюцца, а што да вобласці, раёну – мы адпраўляем машыну», – дадалі ў агенцтве.

Звычайна на Радуніцу працоўны дзень з панядзелка пераносяць на суботу. Так было і сёлета. Такім чынам мы мелі тры выходныя запар і, адпаведна, больш часу, каб наведаць магілы сваякоў.

Андрэй Сульжыц «Белсат»