Ці плануецца напад на Вільню?


Выкарыстаць ядравую зброю і напасці на Літву. Пра такія планы Беларусі і Расеі заявіў Валер Сахашчык. У каментары «Белсату» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы спаслаўся на крыніцы сваёй каманды.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Той аб’ем інфармацыі што мы маем на сённяшні дзень, дазваляе нам цалкам пэўна рабіць выснову, што планы такія ёсць і яны абсалютна рэальныя».

Паводле заявы, зробленай Сахашчыкам на мітынгу да Дня Волі ў Варшаве, Расея і Беларусь такімі дзеямі спадзяюцца спыніць супраціў цывілізаванага свету дыктатарам. Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што гэткія заявы не маюць пад сабой грунту, бо ніводная выведка свету іх не пацвярджае.

«Я лічу, што гэта – заявы выключна палітычныя, папулісцкія і безадказныя. І іх шкодна рабіць, асабліва калі ўлічваць тую сітуацыю і выкарыстанне Расеяй розных інструментаў інфармацыйнай вайны, гібрыднай вайны, у тым ліку супраць беларусаў. І гэта вельмі моцна дыскрэдытуе дэмакратычныя сілы», – кажа Павел Усаў.

Намер размясціць у Беларусі расейскую тактычную ядравую зброю Пуцін агучыў год таму – дваццаць пятага сакавіка. Нібыта пра гэта яго прасіў Лукашэнка.

Тады Валер Сахашчык таксама адрэагаваў гучнай заявай. Маўляў, трэба рабіць нейкія крокі, каб расейскім войскам у Беларусі «стала вельмі некамфортна». І рабіць гэта мелі беларусы ўнутры краіны.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валер Сахашчык падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Жорсткія рэпрэсіі, што адбываюцца ў краіне, практычна пазбавілі беларусаў магчымасці рабіць дзеянні ўнутры краіны. Таму казаць пра тое, што вядзецца партызанская вайна ці створаны рэжым заўважнага дыскамфорту, не выпадае», – кажа Валер Сахашчык.

Абодва дыктатары неаднаразова выкарыстоўвалі тэму ядравай зброі, каб пагражаць краінам Захаду. Хоць патрэбная яна нібыта для абароны.

«Размяшчэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь тактычнай ядравай зброі разглядаецца як важны складнік прэвентыўнага стрымлівання патэнцыйных супраціўнікаў», – сцвярджаў у студзені лукашэнкаўскі міністр абароны Віктар Хрэнін.

Менск упершыню залучыў ядравую зброю ў новую ваенную дактрыну. Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі маюць прыняць у канцы красавіка на так званым Усебеларускім народным сходзе. Але ўжо летась Лукашэнка сцвярджаў, што зброю даставілі ў Беларусь.

Два тыдні таму NATO упершыню пацвердзіла размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі. Небяспечнае ўзбраенне можа размяшчацца ў ваколіцах Асіповічаў. Але дакладнай інфармацыі не падаюць ні рэжым, ні дэмакратычныя сілы.

«Цяпер няма магчымасці ў публічнай прасторы апублікаваць дадзеныя на тэму наяўнасці і дыслакацыі ядравай зброі ў Беларусі, каб не дэмаскаваць сваёй інфармацыі і крыніцаў інфармацыі. Варта звярнуць увагу, што нават лукашэнкаўскія прапагандысты “на павадку” не публікуюць інфармацыі пра яе, а толькі вельмі гучна крычаць пра яе», – падкрэслівае палітолаг, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.

Версія Сахашчыка пра магчымы напад на Літву не мае пад сабою грунту яшчэ і таму, мяркуе Павел Усаў, што беларускі вайсковы кантынгент на мяжы з гэтаю краінай – каля пяці тысячаў.

«Няма сітуацыі, як было ва Украіне, дзе былі чаканні, што расейскіх акупантаў прыйдуць сустракаць з кветкамі. Тут абсалютна антырасейскія, антылукашэнкаўскія настроі, тут кожны чалавек будзе змагацца за свой кавалак зямлі. І гэтыя пяць тысяч разам з танкамі проста закапаюць жыўцом», – кажа Павел Усаў.

Да таго ж Літва дваццаць гадоў уваходзіць у NATO, дадае эксперт, а гэта азначае, што краіна мае падрыхтаваную інфраструктуру і дастатковую дапамогу ад Альянсу ў выпадку небяспекі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»