Сярод ахвяраў у «Крокус Сіці Холе» ёсць беларусы


Родныя меркавана загінулага жыхара Баранавічаў Вадзіма Куліка, які працаваў ахоўнікам у «Крокус Сіці Холе», выехалі ў Расею на апазнанне. Сваякоў папярэдзілі, што, магчыма, спатрэбіцца правядзенне генаскапічнай экспертызы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калега беларуса, расеец Аляксей Асанушкаў, распавёў, што Вадзім да апошняга ратаваў людзей, выводзіў іх з гандлёвага цэнтру, хаця сам ужо быў абгарэлы.

Другі ахоўнік, беларус Алім Кашавараў, паводле таго ж Асанушкава, як толькі пачалася страляніна, кінуўся на тэрарыстаў, але быў спынены аўтаматнай чаргой. Алім цяпер у рэанімацыі ў крытычным стане.

Беларуская ж амбасада ў Расеі паведаміла, што разам са сваім мужам-расейцам у «Крокус Сіці Холе» загінула 45-гадовая грамадзянка Беларусі, берасцейка Ганна Волкава. Жанчына доўгі час жыла ў Маскве, працавала дзіцячым псіхолагам.

Між тым завяршыўся суд над абвінавачанымі ў нападзе на канцэртную залю «Крокус Сіці Хол». Чатырох грамадзянаў Таджыкістану змясцілі ў СІЗА да 22 траўня. Трое абвінавачаных прызналі сваю віну. Чацвёрты не змог гэтага зрабіць. У суд яго прывезлі ў беспрытомным стане. Сляды збіцця і катаванняў былі выразна заўважныя ўва ўсіх чацвярых падсудных. Прэс-сакратар Пуціна Пяскоў на адпаведным брыфінгу адмовіўся каментаваць гэты факт.

«Гэта гаворыць пра агульную дэградацыю спецыяльных службаў. Ніводная сілавая структура не будзе дэманстраваць такіх рэчаў, ганарыцца гэтым. У мяне няма лагічнага тлумачэння, для чаго трэба было адразаць вуха, застаўляць яго есці», – кажа пісьменнік, ветэран спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам Аляксандр Брас.

Не менш пытанняў выклікае і тое, што рабілі і дзе былі расейскія сілавікі, пакуль тэрарысты ў ГЦ цягам 18 хвілінаў расстрэльвалі людзей. Хаця расейскі МУС заяўляе, што паліцыянты былі на месцы праз 5 хвілінаў пасля паведамлення пра страляніну.

«Факт застаецца фактам: у той момант, калі забівалі людзей, нікога там не было. Іх ніхто не змог абараніць. З тых, хто мусіў абараняць гэты цэнтр. Я не магу зразумець, чаму. Тым больш, калі краіна вядзе вайну. Існуе маса ўнутраных і вонкавых пагрозаў», – дадае Аляксандр Брас.

След расейскіх спецслужбаў у гэтым тэракце зробіцца выразным, калі найбліжэйшым часам у Расеі адбудзецца яшчэ большае закручванне гаек для грамадзянскай супольнасці, а магчыма, і абвесцяць масавую мабілізацыю, кажуць эксперты. Акрамя таго…

«Калі расейскі парламент наступным тыднем увядзе смяротнае пакаранне за тэрарызм, гэта будзе якраз указваць на тое, што тэракт быў арганізаваны дзяржбяспекай. Гэта адзін з прыкладаў», – дадае гісторык, даследнік расейскіх спецслужбаў Юрый Фяльшцінскі.

Будынак «Крокус Сіці Хол» пасля тэракту.
Фота: sotavisionmedia / Telegram

Былы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў ва ўласцівым яму апошнія гады стылі ўжо анансаваў пэўныя падзеі:

«Іх трэба забіць? Трэба. І гэта будзе. Але значна важней забіць усіх датычных. Усіх. Хто плаціў, хто спачуваў, хто дапамагаў. Забіць іх усіх».

У Міністэрстве ўнутраных справаў Нямеччыны і амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што тэракт ажыццявілі чальцы так званай «Ісламскай дзяржавы», а дакладней яго афганскага адгалінавання «Ўіляят Хурасан». Ёсць у гэтым злачынстве, аднак, і нехарактэрныя рэчы.

«Трошкі не падобна да стылю ісламскіх тэрарыстаў. Гэта не людзі, гатовыя загінуць падчас гэтага тэракту, яны яўна стараліся ацалець», – дадае Фяльшцінскі.

Плюс да таго, сапраўдны ісламскі рэлігійны фанатык ніколі б не ішоў на такую справу за грошы, бо гэта сталася для яго абразай, кажуць эксперты. А менавіта ў грашовай матывацыі сваіх дзеянняў папярэдне прызналіся абвінавачаныя. І ўсё ж радыкальны ісламскі след нельга выключаць.

«Расея падтрымала Сірыю падчас грамадзянскай вайны, а «Ісламская дзяржава» стала яе супраціўнікам. Такім чынам, Расея для іх – хаўруснік Сірыі, які змагаецца з мусульманамі на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі», – кажа супрацоўнік Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў Дэн Байман.

8-га сакавіка амбасада ЗША ў Расеі і МЗС Вялікай Брытаніі папярэдзілі пра магчымасць тэрактаў у Маскве. За тры дні да трагічных падзеяў у «Крокус Сіці Холе» Пуцін назваў гэтыя заявы шантажом і спробамі запужаць насельніцтва Расеі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»