Як дзень абвяшчэння БНР стаў Днём Волі?


Чаму дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі называем днём Волі? 25 сакавіка 1991-га года наўпрост з грузавіка прадавалі пілотны нумар газеты «Свабода» пад назваю «Дзень Волі». Газету размялі, а яе загаловак зрабіўся новаю назвай свята.

Вясна 1917 года. Пасля падзення манархіі лідары беларускіх нацыянальных арганізацыяў выступаюць з ініцыятываю правесці Усебеларускі з’езд. Збіраюць яго ў Менску ўжо пасля кастрычніцкай рэвалюцыі – васямнаццатага снежня 1917 года. Праз два тыдні бальшавікі з’езд разганяюць. Яго лідары пераходзяць у падполле.

У лютым 1918-га, калі бальшавікі ўжо ўцяклі з Менску, а нямецкая армія, што трымала наступ з Усходняга фронту, у горад яшчэ не ўвайшла, дзеячы Усебеларускага сходу абвяшчаюць сябе вярхоўнаю ўладаю. Немцы беларускую ўладу прызнаваць адмаўляюцца. Бальшавікі ж 3-га сакавіка падпісваюць з Нямеччынаю мірную дамову, што падзяляе Беларусь паміж Савецкай Расеяй і Нямецкай імперыяй.

У акупаваным немцамі Менску беларускія дзеячы заяўляюць пра непрызнанне дамовы і маюць намер стварыць незалежную дзяржаву – на ўсіх населеных беларусамі землях. Дакумент пад назваю Трэцяя Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі публікуюць 25 сакавіка 1918 года.

«Каб супрацьстаяць імкненням суседзяў (а ўсе суседзі так ці інакш прэтэндавалі на беларускія тэрыторыі), вырашыць пытанне вяртання бежанцаў (паколькі будучыя межы закрывалі бежанцам дарогу дадому) і наогул адмежавацца ад таго хаосу, у які ператварылася Расея пасля кастрычніцкага перавароту, была абвешчана ўласная незалежная дзяржава», – кажа Андрэй Чарнякевіч, гісторык.

Нямецкая адміністрацыя дазваляе БНР займацца толькі адукацыяй і мясцовым самакіраваннем. У снежні 1918 года нямецкая армія, што пацярпела паразу ў Першай сусветнай, сыходзіць з Беларусі.

За населеныя беларусамі тэрыторыі цяпер ваююць Масква і Варшава. У 1921 годзе беларускія землі зноў дзеляць – гэтым разам паміж Польшчаю і Савецкай Расеяй. Частка бацькоў БНР эмігруе. Тыя, хто застаўся ўдома, пазней загінуць у сталінскіх лагерах.

«Першапачаткова бальшавікі праводзілі палітыку так званай каранізацыі – у 20-х гадах, калі яны стваралі федэратыўны Савецкі Саюз, што паспрыяла ўмацаванню беларускай нацыянальнай ідэі, але пад кантролем у форме камуністычнага характару», – кажа кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук.

У Беларусі надыходзіць эпоха Савецкага Саюзу. Да канца 80-х дзень 25 сакавіка публічна святкуюць толькі ў эміграцыі.

«Бальшавікі стварылі нялюдскую сістэму. У гэтай сістэме беларусы б, па вялікім рахунку, зніклі як народ, як нацыя праз сістэму татальнай русіфікацыі і саветызацыі. Таму распад Савецкага Саюзу быў для нас усё-ткі вызваленнем», – перадасцерагае спадар Семянчук ад ідэалізацыі СССР у кантэксце беларускай справы.

Дзень абвешчання першай беларускай дзяржавы з пачатку 90-х называюць Днём Волі. Да тысяча дзевяцьсот дзевяноста чацвертага года, калі прэзідэнтам абралі Аляксандра Лукашэнку, свята не паспела зрабіцца дзяржаўным. У 1996 годзе дваццаць пятага сакавіка пратэставаць супраць вяртання савецкіх сімвалаў і курсу на аб’яднанне з Расеяй выйшлі 50 тысяч беларусаў.

«Тады гэта быў грамадзянскі актывізм. Чалавек сам сябе запісваў у змагары з рэжымам, асобна ад астатняга насельніцтва. На маршы хадзіла палітычна прасунутая частка грамадства, многія з іх былі сябрамі партый, грамадзянскіх ініцыятыў. Многія з іх эмігравалі», – кажа пісьменнік, журналіст і выдавец Сяргей Дубавец.

Без масавых затрыманняў у апошнія 25 гадоў Дзень Волі святкавалі толькі аднойчы: на стагоддзе абвешчання БНР – у 2018 годзе. Тады пад бел-чырвона-белымі гістарычнымі сцягамі на канцэрт ля Опернага тэатру сабралася каля 50 тысяч асобаў.

У апошнія паўгода да гістарычнага сцяга, а з ім – і да традыцыі святкавання Дня Волі прыйшлі сотні тысяч беларусаў – з патрабаваннем звольніць нелегітымнага кіраўніка дзяржавы, вызваліць сотні палітвязняў і правесці новыя дэмакратычныя выбары.

Юлія Цяльпук, Аляксандр Папко «Белсат»