Дзень Волі – пачатак пратэставай вясны


Адзначаць Дзень Волі беларусы пачалі яшчэ ўчора – салютамі ў 23 гадзіны 34 хвіліны. У старым Адміністратыўным кодэксе 23.34 – нумар артыкулу за ўдзел у масавых мерапрыемствах, за які судзілі большасць затрыманых на акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Раніцай жа бел-чырвона-белыя сцягі, балонікі ды стужкі ўпрыгожылі дамы, вуліцы і машыны ў розных гарадах.

З’явіліся сцягі і на карпусах БДУ, медычнага і эканамічнага ўніверсітэтаў у Менску. А студэнтаў некаторых навучальных установаў на бліжэйшыя дні раптоўна перавялі на дыстанцыйнае навучанне.

Распачаць адзначэннем Дня Волі пратэставую вясну заклікалі і Павел Латушка і Святлана Ціханоўская.

Улады адказалі на заклікі ўзмацненнем ціску і пагрозамі тэрактаў. А сёння яшчэ і спецтэхнікаю.

Ужо зранку калона з больш як паўсотні адзінак тэхнікі рухалася ў бок Менску з берасцейскага кірунку. Калоны аўтазакаў і мікрааўтобусаў, вадамётаў і машынаў з калючым дротам сцягваліся ў цэнтр гораду. Удзень цэнтр сталіцы быў шчыльна заняты сілавікамі.

Каб прыбраць нацыянальную сімволіку, сілавікі хадзілі па дварах, заходзілі ў пад’езды, спрабавалі трапіць і ў кватэры. Зачышчалі не толькі сцяжкі ды стужкі. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», напярэдадні свята затрымалі каля сарака чалавек паводле адміністратыўных пратаколаў і крымінальных справаў.

Сёння масавыя затрыманні працягваліся. У Віцебску тры гадзіны пратрымалі ў Чыгуначным РАУСе актывіста Барыса Хамайду.

«Сёння найвялікшае свята, проста не мог сядзець у хаце, разумеў што нейкія наступствы могуць быць», – адзначыў актывіст.

Барыс Хамайда адзначае Дзень Волі 31-ы раз. На звычайным месцы ля «сіняга дому» ў цэнтры Віцебску на адзіночным пікеце з выяваю герба Пагоня ён прастаяў усяго некалькі хвілінаў.

Гэтак жа хутка забралі з цэнтру гораду і жыхара Вілейкі Андрэя Кудзіка, які віншаваў беларусаў са святам:

«Неверагодныя беларусы віншую вас са 103 гадавінай заснавання БНР, з днём волі жыве Беларусь!»

Прэвентыўна затрымлівалі актывістаў па ўсёй краіне: у Салігорску і Магілёве, Рэчыцы і Берасці, Мёрах і Докшыцах, у Горках і Мастах.

У сацыяльных сетках беларусы з розных мясцовасцях заклікалі выходзіць у цэнтры гарадоў. Кропкавыя затрыманні працягваліся і на вуліцах.

«Тут гаспадараць прарасейскія акупанты!», – гаварыла Ніна Багінская праўладным журналістам, а ў гэты час за яе спінай жорстка затрымлівалі жанчыну.

Ніны Багінскай не затрымалі, але сцяг у яе забралі.

Рух на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў цягам дня перакрывалі некалькі разоў. Бліжэй да вечара цэнтр Менску стаў у корках. А аўтамабілісты на заклік сацсетак актыўна сігналілі ў розных раёнах сталіцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»