Дзесяты пакет санкцыяў супраць Расеі ўхвалілі


Пасля доўгіх спрэчак краіны Еўразвязу нарэшце змаглі дамовіцца пра яго змест.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Разам дзяржавы-чальцы ЕЗ увялі самыя рашучыя і далёка скіраваныя санкцыі, каб дапамагчы Украіне перамагчы ў вайне. ЕЗ адзіны з Украінаю і ўкраінскім народам. Мы будзем падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца», – значыцца ў паведамленні Шведскага старшынства ў Радзе Еўразвязу.

Новы пакет не маглі ўхваліць праз пазіцыі Вугоршчыны ды Польшчы.

«Але, зразумела, што калі вы адразаеце сабе нагу, то нага, хутчэй за ўсё, не выжыве, і вам будзе вельмі балюча. Таму некаторыя краіны лічаць, што лепш адрэзаць гэтую нагу, пачынаючы з пальцаў. Іншыя краіны лічаць, што адразу адрэзаў – і галава не баліць», – гэтак эканаміст Максім Блант тлумачыць адрозненне ў падыходах Будапэшту і Варшавы.

Вугоршчына патрабавала выкрасліць з санкцыйных спісаў імёны некаторых расейцаў. Польшча, як адзін з найбліжэйшых хаўруснікаў Украіны, выступала за больш жорсткія захады. Прычым, гаворка ішла не толькі пра Расею, але і пра рэжым Лукашэнкі.

«Я даручыў сваім службам падрыхтаваць заяўкі на ўключэнне ў санкцыйны спіс дзяжурных асобаў, звязаных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, адказных за рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі», – казаў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі.

Вядома, што абмежаванні, прынятыя супраць Расеі ў ЗША, закрануць Аляксея Чэкунова, расейскага міністра развіцця Далёкага Усходу і Арктыкі. Ён нарадзіўся ў Беларусі. Ён ужо назваў рашэнне Вашынгтону блізарукім злом. Апрача гэтага, у спісе – кіпрская кампанія «Stella Leine Limited», звязаная з беларускім аўтапрамам і прыватнай вайсковай кампаніяй «Рэгнум». Апошняя зарэгістраваная ў Расеі, але ў ЗША лічаць, што дзее яна ў Беларусі. Што датычыць новага санкцыйнага пакету ад Еўразвязу, эканоміка Расеі ад яго моцна пацярпіць.

«Расея адкочваецца да аўтаркічнай эканомікі, адрэзанай ад свету. Нашыя санкцыі рэзка падрываюць яе эканамічную базу, знішчаюць любыя перспектывы яе мадэрнізацыі», – пракаментавала новы пакет санкцыяў старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Плануецца, што праз новыя санкцыі ад глабальнай сістэмы SWIFT адключаць некалькі расейскіх банкаў. Сярод іх – «Альфа» і «Тинькофф». Санкцыйны спіс, імаверна, папоўняць імёны расейскіх прапагандыстаў, вайскоўцаў і чыноўнікаў, адказных за незаконнае перасоўванне ўкраінскіх дзяцей. Санкцыі таксама могуць прайсціся і па фактычным хаўрусніку Расеі – Іране. 7 заводаў у Ісламскай Рэспубліцы, якія вырабляюць дроны, занесеныя ў новыя санкцыйныя захады.

«Цяпер адзіныя эфектыўныя санкцыі – гэта санкцыі, накіраваныя не супраць Расеі, а супраць тых, хто парушае гэтыя санкцыі ў Еўропе, у Кітаі, Турэччыне, Арменіі, Грузіі», – кажа Максім Блант.

Плануецца, што 27-га лютага 10-ы пакет канчаткова прымуць. У тым ліку, стане вядома, ці ён будзе ўключаць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Калі так, то гэтыя санкцыі стануць першымі – за ўдзел Лукашэнкі ў вайне.

Надзея Бельская, «Белсат»