Рэжым распачаў справу «аналітыкаў Ціханоўскай»


Журналіст Юрый Дракахруст, сацыёлаг Філіп Біканаў, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. Што агульнага паміж гэтымі людзьмі з гледзішча ўладаў? Усе яны і яшчэ 17 асобаў ад сёння фігуранты адной завочнай крымінальнай справы ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны спрабуюць узяць людзей, у якіх рознае кола камунікацыяў і каб шырэй пагнаць хвалю страху. Я магу сказаць адно: гэта паказвае… Пераможцы так сябе не паводзяць, гэта паказвае, наколькі ў іх нічога не атрымліваецца», – лічыць Ганна Красуліна.

Сярод фігурантаў справы, якіх Следчы камітэт назваў аналітыкамі Ціханоўскай, сапраўды ёсць прадстаўнікі яе офісу – як Ганна Красуліна ці Аляксандр Дабравольскі. Але большасць персонаў у спісе – незалежныя аналітыкі: палітычныя, сацыялагічныя ці эканамічныя. Сярод іх і Павел Усаў, які паслядоўна крытыкуе дзеянні кабінету Святланы Ціханоўскай.

«Гэта можа быць звязана з той актыўнасцю, прынамсі маёй, якая была ў 2020 годзе, калі я ўваходзіў у пэўныя кансультатыўныя аналітычныя структуры пры штабе Ціханоўскай, пасля таго, як яна апынулася ў Вільні, калі быў запыт на нейкія меркаванні і ацэнкі таго, што адбываецца», – лічыць Павел Усаў.

Усіх фігурантаў справы падазраюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія рэжым паслядоўна выкарыстоўвае супраць палітычных праціўнікаў. Між іншага гэта распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, учыненае групай асобаў, змова з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. А таксама заклікі да санкцыяў, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь ды ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.

«Хваля рэпрэсіяў у дачыненні палітолагаў і экспертаў – жаданне адпомсціць тым, хто цвяроза ацэньвае сітуацыю ў Беларусі, прапаноўвае рэальныя шляхі выхаду з крызісу, у які загнаў краіну Лукашэнка», – так адрэагавала на інфармацыю пра крымінальную справу Святлана Ціханоўская.

Гэта не першая хваля рэпрэсіяў супраць аналітыкаў. За кратамі, напрыклад, незаконна трымаюць філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, палітолага Валерыю Касцюгову, сацыёлага Таццяну Вадалажскую і шэраг іншых адмыслоўцаў. Не першы і выпадак так званай спецыяльнай вытворчасці – завочных крымінальных справаў і судоў. Сярод асуджаных завочна на вялікія тэрміны зняволення і Святлана Ціханоўская, і Павел Латушка, і алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя, і блогер Сцяпана Пуціла.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Закон і заканадаўства.
Фота: Inbusiness.kz

«Не будзе прадстаўленая магчымасць беларусам, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы, адстойваць правы, будзе тэатр, фарс і прасоўванне ў прапагандысцкай прасторы, што ўсё законна, людзі – злачынцы, іх правы былі забяспечаныя нібыта ўдзелам адваката абавязковым, як прадугледжана ў кодэксе», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Між іншага, падобныя прысуды рэжым выкарыстоўвае для таго, каб надаць вагі сваім спробам вярнуць праціўнікаў у Беларусь з дапамогай Інтэрполу ці іншых міжнародных структураў, лічыць адвакат Алесь Міхалевіч:

«Што вось, чалавек ужо прызнаны вінаватым, што ён ужо не проста абвінавачаны, а можна сказаць, што злачынца, бо прысуд уступіў у законную (зразумела, што з нашага гледзішча незаконную), з гледзішча сілавікоў – у законную сілу».

Завочнае вядзенне справаў часам выкарыстоўваецца ў свеце, нагадвае эксперт. І прыводзіць прыклад Францыі.

«Гэта ўсё кампенсуецца тым, што калі чалавек з’яўляецца ў краіне, ён па заяве мае права на тое, каб справа была цалкам перагледжаная, і ўсё, што ў справе было раней высветлена, – не выкарыстоўваецца супраць чалавека, а з нуля па поўнай праграме даследуюцца факты зноў, і кожны з гэтых фактаў мусіць пацвярджацца», – тлумачыць Алесь Міхалевіч.

Як далей будзе развівацца справа аналітыкаў, можна зразумець, зірнуўшы на папярэднія падобныя справы, кажуць нашыя суразмоўцы. І яны раяць тым, хто цяпер у Беларусі і адчувае небяспеку, пакінуць краіну.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»