Краіны Еўропы і ЗША перададуць новую зброю для ЗСУ


У сераду Паветраныя сілы Украіны збілі яшчэ адзін расейскі штурмавы самалёт Су-25, а таксама беспілотнік «Арлан-10», з якога звычайна наводзіцца артылерыя. Учора і пазаўчора расейская авіяцыя таксама несла страты самалётаў і верталётаў. Новыя сістэмы паветранай абароны Украіне перадасць Бельгія. Як патлумачыла бельгійская міністр абароны, у пакеце дапамогі не будзе танкаў «Леапард», бо Бельгія іх проста не мае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Збройныя сілы Украіны пакінулі горад Салядар у Данецкай вобласці, каб зберагчы жыцці вайскоўцаў. Такім чынам украінскі Генштаб афіцыйна пацвердзіў тое, было вядома і раней: у выніку цяжкіх баёў Салядар фактычна зруйнаваны расейскай артылерыяй, там і няма дзе замацавацца. Але горад Бахмут украінскія сілы будуць абараняць, пакуль ёсць магчымасць, сітуацыя там кантраляваная, паведамляе Генштаб. Баланс сілаў можа змяніцца ў бліжэйшыя месяцы – Украіна ўсё ж атрымае асноўныя натаўскія танкі «Леапард 2».

«Мы робім усё неабходнае і ўсё магчымае, каб падтрымаць Украіну. Разам з тым перадухіляем эскалацыю вайны ў вайну між Расеяй і блокам NATO. І гэтага прынцыпу будзем далей трымацца», – заявіў з трыбуны Бундэстагу канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

Сама Нямеччына перадасць Украіне толькі танкавую роту – 14 бронемашынаў. Але важней тое, што Берлін пад дыпламатычным ціскам перастаў блакаваць пастаўкі «Леапардаў» нямецкай вытворчасці ад іншых саюзнікаў.

«Перадача такіх танкаў – гэта не толькі пытанне саміх бронемашынаў, але і навучання, лагістыкі дастаўкі, узбраенняў, а таксама тэхабслугоўвання. Гэта складаны механізм. Рашэнне перадаць “Леапарды” нас вельмі радуе, бо так Еўропа будзе больш бяспечнай», – заявіў афіцыйны прадстаўнік ураду Польшчы Пётр Мюлер.

Краіны Еўропы разам перададуць Украіне прынамсі 80 «Леапардаў», Францыя паабяцала свае асноўныя танкі «Leclerc», Вялікая Брытанія – «Challenger 2». Агенцтва «Bloomberg» паведамляе, што адміністрацыя Джо Байдэна перадасць Кіеву 31 танк «Abrams».

«Прыкладна гэта будзе тое, што заяўляў наш галоўнакамандуючы ў інтэрв’ю часопісу “Time” перад Новым Годам: каля 300 танкаў нам трэба для фармавання новай групоўкі, якая, хутчэй за ўсё, будзе выконваць ролю контр-наступальную», – патлумачыў у эфіры «Белсата» украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

А ў Швейцарыі парламент разгледзіць папраўкі, якія здымуць забарону на рээкспарт вайсковага абсталявання, у тым ліку боепрыпасаў, швейцарскай вытворчасці. Калі забарону здымуць, саюзнікі змогуць перадаць Украіне бронемашыны «Pirahna» і новыя боепрыпасы да зенітных установак «Гепард», якія ўжо добра паказалі сябе ў збіванні іранскіх дронаў-камікадзэ.

«Нам далі супрацьтанкавыя “Javelin”, беспілотнікі “Байрактар”, гаўбіцы «”Zuzana”, шмат чаго. Мы з усім працаваць навучымся, гэта справа часу», – кажа журналістам баец ЗСУ Міхайла, які ваюе ў Данецкай вобласці.

Таксама сёння пацвердзілася інфармацыя, якую «Белсат» меў са сваіх вайсковых крыніцаў ва Украіне і блоку NATO.

«Украінскія вайскоўцы і вайскоўцы NATO дамовіліся між сабой, што будзе перадача Украіне знішчальнікаў F-16 у неабходнай колькасці. Патрэбнае толькі палітычнае рашэнне», – гэта прагучала 18 студзеня ў інтэрвʼю з Сяргеем Бульбам, сузаснавальнікам Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Цяпер афіцыйна – міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба паведаміў, што ідуць перамовы пра натаўскія знішчальнікі F-16, неабходныя ў тым ліку для паветранай абароны ад расейскай авіяцыі і крылатых ракетаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»