Як падтрымаць палітвязняў?


На навагоднія святы ў Беларусі – сумны рэкорд. Паводле праваабаронцаў, у краіне болей за тысячу чатырыста палітвязняў. Лукашэнка іхную наяўнасць адмаўляе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апазіцыянераў, што трапілі за краты, улады называюць злачынцамі. Але ў папраўчых калоніях палітычных вылучаюць сярод іншых зняволеных.

«Як бачыце, гэта – жоўтая бірка. Такую бірку нашывалі ўсім палітычным, каб іх было лёгка заўважыць здалёк», – кажа Віктар Пархімчык, былы палітвязень.

Палітзняволеныя зазнаюць ціск і катаванні, часта трапляюць у штрафны ізалятар, не заўсёды атрымліваюць пошту – кажуць праваабаронцы. Але пісаць лісты ўсё адно варта.

«Нягледзячы ні на што, нягледзячы на тое, што рэжым блакуе, усё адно трэба пісаць лісты. Трэба іх падтрымліваць. Казаць, што Беларусь з імі. І калі гэты рэжым здохне – а ён здохне, – усе гэтыя людзі будуць уганараваныя. Усе атрымаюць кампенсацыю», – кажа Зянон Пазняк, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

А пакуль можна матэрыяльна падтрымаць сем’і тых, хто за кратамі праз сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Мы лічым, што грашовая дапамога – найлепшая дапамога. Кожная сямʼя лепей ведае, што ёй патрэбна. Ці грошы патрэбныя на адваката, ці на харчовую перадачу, ці каб сабраць дзяцей у школу, пакуль тата знаходзіцца ў вязніцы», – мяркуе кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Нават допіс пра палітвязняў у сацсетках – гэта ўжо дапамога, кажа кіраўнік Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко.

«Інфармаванне і падтрыманне інфармацыйнага парадку дня – таксама вельмі важнае. Нягледзячы на тое, што той жа Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію, гэта не вызваляе яго з-за кратаў рэжыму Лукашэнкі», – сказаў Алесь Лапко ў інтэрвʼю «Белсату».

Дапамагчы палітвязням або іхным семʼям можна і праз грамадскія ініцыятывы.

Беларусы, што пакінулі краіну праз рэпрэсіі, ладзяць акцыі салідарнасці за мяжою. Трэба нагадваць сусветнай супольнасці пра беларускіх палітзняволеных. І дабівацца жорсткай пазіцыі адносна рэжыму Лукашэнкі, мяркуе актывіст Сяргей Верамеенка.

«Да чаго давялі размовы з Пуціным? Да вайны? Лукашэнка – гэта той самы Пуцін. Гэтая ягоная копія, ягоная марыянетка, лялька на ягонай руцэ. Размаўляць можна. Але толькі з пазіцыі сілы. Бо хуліган, гопнік разумее толькі ягоную мову», – кажа Сяргей Верамеенка.

Асабліва важна падтрымоўваць палітвязняў напярэдадні навагодніх святаў. Вы можаце выбраць любы з названых спосабаў. Згодна з вашымі магчымасцямі ды меркаваннямі бяспекі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»