Беларусы свету сустракаюць Каляды


Каляды – гэта час цудаў, забавак і прыемнасцяў для блізкіх. З году ў год беларусы ў розных краінах ладзяць адмысловыя імпрэзы. Каб не толькі пабыць разам, але і перадаць традыцыі наступным пакаленням.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы Варшавы сустракалі Каляды ў святочнай атмасферы і па-беларуску. Сцэна Божага нараджэння – адна з асноўных для беларускай батлейкі. Традыцыя ладзіць гэткія спектаклі мае не менш чым пяць стагоддзяў. Яе захоўваюць і пашыраюць і нашыя суайчыннікі за мяжою.

«Мы хочам, каб знаходзячыся тут, у Польшчы, ці ў Грузіі, нашыя дзеткі-беларусы ведалі нашыя традыцыі», – распавяла адміністратарка імпрэзы Марыя Вайтовіч.

Знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі адбываецца, у тым ліку, і праз спевы. Безумоўна, самыя захопленыя гледачы – дзеці. Але праяўляюць інтарэс да сустрэчаў такога кшталту і дарослыя.

«На самой справе, калі рэгістрацыя адбывалася, то шмат хто пісаў у прыватныя паведамленні: калі ласка, можна нам прыйсці, калі няма дзяцей. Шмат было ахвотных дарослых трапіць на мерапрыемства», – адзначыла Марыя Вайтовіч.

Яшчэ адная традыцыя, якую захоўваюць беларусы – калядаванне. Калі група людзей пераапраналася ў касцюмы ды хадзіла хатамі пасля Раства. Калядоўнікі паказвалі сцэнкі, зычылі гаспадарам росквіту і дабрабыту. Бадай, самы вядомы і запамінальны вобраз калядоўнікаў – каза.

«Акрамя казы, былі таксама шмат іншых персанажаў: дзед, баба, мядзведзь, чорт. Увогуле гэтыя пераапрананні – своеасаблівы беларускі карнавал. Людзі такім чынам спрабавалі адагнаць ад сябе злых духаў з іншага свету», – патлумачыла аматарка беларускай традыцыйнай культуры Святлана Чакушка.

Сёлета невялікае імправізаванае калядаванне зладзілі беларусы ў Вільні.

А ўжо 25 снежня беларускіх дзетак чакае яшчэ адзін калядны падарунак. На YouTube-канале студыі «Раю» адбудзецца прэм’ера адукацыйна-пазнавальнага выдання «Прыгоды Козачкі Зефіркі».

«Дзеці пабачаць калядную серыю, дзе мы звярнуліся да твора «Каласы пад сярпом тваім», у якім Уладзімір Караткевіч распавядае легенду пра каласкі ў барадзе каляднай казы. Апрацавалі гэты сюжэт і падалі ў дзіцячым свеце», – распавяла адна з аўтарак і ўдзельніц праекту «Прыгоды Козачкі Зефіркі» Юлія Букштановіч.

Галоўная мэта праекту, дадала Юлія, – стварыць больш беларускамоўнага кантэнту для дзяцей, звязанага з беларускім фальклорам і традыцыямі.

Аліна Скрабунова, Ірына Юр’ева, «Белсат»