«Дапамагаць беларусам і ціснуць на рэжым»


Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Вільні. Спатканне прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу. Сярод актуальных пытанняў – палітычныя кантакты з Расеяй, блізкі рэферэндум і стратэгія працы штабу Ціханоўскай на наступны год.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Без папярэдняга ўзгаднення пытанняў і цэнзуры. Штаб Святланы Ціханоўскай зладзіў адкрытую сустрэчу, каб адказаць на ўсе пытанні, што хвалююць беларусаў. Размова прайшла ў фармаце офлайн для прадстаўнікоў дыяспары ў Вільні ды онлайн – для іншых гарадоў.

«Цяпер у нас ёсць выдатная магчымасць, напэўна, унікальная, таму што ў многіх беларусаў гэтай магчымасці няма – пагутарыць з офісам Святланы Ціханоўскай», – лічыць арганізатарка сустрэчы Яна Чарняўская.

Апроч Святланы Ціханоўскай, удзел у размове ўзяў ейны старэйшы дарадца Франак Вячорка, старшыня кабінету прадстаўнікоў Валер Кавалеўскі ды кіраўнік аддзелу вонкавых сувязяў Аляксандр Логвінаў. Каманда падсумавала сёлетнюю працу штабу і акрэсліла мэты налета.

«Дапамагаць беларусам, ціснуць на рэжым так, каб яны вымушаныя былі адпусціць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, распачаць дыялог з беларусамі і потым прыйсці да новых выбараў – гэта наша стратэгія», – кажа Святлана Ціханоўская.

«Задача цяперашняга супраціву – гэта падтрымліваць энергію адзін аднога. Аддаваць пазітыўныя флюіды і імпульсы тым, хто на зямлі працягвае змагацца і ўсяляк разгойдваць човен, каб пацуку не давала. І мы гэта робім паспяхова», – дадае старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сярод пытанняў, якія цікавілі беларусаў, – палітычныя і эканамічныя дачыненні Беларусі ды Расеі – тут Ціханоўская падкрэсліла, што заўжды была адкрытая да дыялогу з уладамі Расейскай Федэрацыі, але гэтаксама важныя ўмовы захавання суверэнітэту Беларусі. Цікавіла таксама стратэгія дэмакратычных сілаў датычна рэферэндуму, дапамога рэлакантам, санкцыйная палітыка ЕЗ у адносінах рэжыму Лукашэнкі. Было адзначана, што апошняя мае вялікія прабелы. І штаб зробіць усе магчымае, каб ЕЗ пераглядзеў сваю санкцыйную палітыку і сінхранізаваў яе з такімі краінамі як ЗША, Вялікая Брытанія і інш.

«Было дастаткова шмат пытанняў: і актуальных, і вечных, якія заўсёды пытаюць. Адказы падаліся мне дастаткова грунтоўнымі», – дзеліцца ўражаннямі ўдзельнікі сустрэчы.

«Я ўпершыню на такога роду сустрэчах. І вельмі інфарматыўна».

«Спадзяемся, што ў будучыні вось такія камунікацыі, такая гарызантальная сувязь будзе толькі пашырацца, і голас усіх беларусаў будзе пачуты».

З прычыны каронавірусных абмежаванняў сустрэцца са штабам у офлайн-фармаце змаглі толькі 50 чалавек. Ахвотныя затрымаліся са Святланай Ціханоўскай па-за дыскусіяй, бо задаць пытанне з залы ўсім ахвотным проста не хапіла часу.

Наста Печанькова, «Белсат»