Валерый Карбалевіч: «Лукашэнка прама ўсім заяўляў: я хачу поўнай улады!»


Крызіс улады ў Беларусі абвастрыўся ў 1996 годзе і прывёў да рэферэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку і так немалая прэзідэнцкая ўлада зрабілася неабмежаванаю. А ад гарантаванага Канстытуцыяй шырокага народаўладдзя засталіся толькі дробныя шматкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

24 лістапада 1996 года. Беларусь праз рэферэндум атрымала абноўленую Канстытуцыю. І на сцэну выйшла мала каму вядомая дагэтуль юрыстка з Бабруйску Лідзія Ярмошына. Менавіта яна абвясціла, што ў плебісцыце ўзялі ўдзел 84,05% грамадзянаў, такім чынам, рэферэндум адбыўся.

Лукашэнка прапанаваў перанесці Дзень незалежнасці Беларусі на 3-га ліпеня, пытаўся народнай думкі пра свабодную куплю і продаж зямлі, а таксама пра адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Прапанова змяніць Канстытуцыю ў сэнсе пераразмеркавання ўлады ішла нібыта між іншым, другім пунктам. Але наступствы мела глабальныя.

«Рэферэндумам-забойцам» называе яго дэпутат Вярхоўнага Савету XIII склікання Анатоль Лябедзька. Ён патлумачыў: гэты рэферэндум «фактычна знішчыў прававую сістэму Беларусі і прывёў да тых наступстваў, якія мы сёння маем».

Вярхоўны Савет прапанаваў даць народу права самім абіраць мясцовае кіраўніцтва, а таксама зрабіць фінансаванне ўсёй улады празрыстым і выключна з дзяржаўнага бюджэту. Пасля галасавання было абвешчана, што нібыта на гэта людзі не пагадзіліся.

Анатоль Лябедзька прыгадаў: паводле тагачаснай Канстытуцыі, прэзідэнт меў дастатковыя паўнамоцтвы. Але і беларускі парламент быў самастойнай адзінкаю ўлады і прымаў законы, якім мусіў падпарадкоўвацца ўвесь дзяржаўны апарат. Дэпутаты нават ініцыявалі імпічмент Лукашэнкі. У адзін з самых напружаных момантаў у Менск з Масквы прыляцеў так званы міратворчы дэсант – пасланцы тагачаснага расейскага прэзідэнта Барыса Ельцына. У іхнай прысутнасці Лукашэнка падпісаў Пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе, гарантам якога выступіла Расея. Пазней сам падпісант ігнараваў гэты дакумент. Але галоўнае было зроблена: пра імпічмент ужо ніхто і не згадваў.

«Гэта быў дэсант гуманітарнай дапамогі Аляксандру Лукашэнку, а не справядлівасці, парламенту і гэтак далей, – тлумачыць Анатоль Лябедзька. – Яны прыехалі з вельмі канкрэтнай місіяй: дапамагчы яму».

І ўсё атрымалася менавіта так, як хацеў Лукашэнка. Пасля рэферэндуму 96-га года прэзідэнт атрымаў фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Ягоныя ўказы і дэкрэты набылі найвышэйшую юрыдычную сілу. А не вельмі масавыя дэпутацкія і грамадскія пратэсты былі жорстка задушаныя.

Відавочца тых падзеяў, палітолаг Валерый Карбалевіч сцвярджае, што якой-кольвек неабходнасці мяняць Канстытуцыю не было:

«Лукашэнка прама ўсім заяўляў: я хачу поўнай улады! Мне не трэба ніякія механізмы стрымання і процівагі. Мне патрэбен абсалютна паслухмяны парламент, вось і ўсё!»

Тагачасны старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, абураны колькасцю парушэнняў пры рыхтаванні да галасавання, папярэдзіў, што не прызнае яго вынікаў і не падпіша ніводнага пратаколу. Служба аховы прэзідэнта не пусціла Віктара Ганчара ў ягоны працоўны кабінет, а неўзабаве старшыня Цэнтрвыбаркаму бясследна знік.

На думку Валерыя Карбалевіча і Анатоля Лябедзькі, менавіта з 1996 года ў Беларусі нелегітымны рэжым пануе выключна на падтрыманні з Расеі. Падзеі 2020 года і наступныя маштабныя рэпрэсіі – яскравы доказ гэтаму.

Марына Яновіч, «Белсат»