За содні 267 спробаў нелегальнага пераходу мяжы


Тры новыя спробы прарваць мяжу з боку Беларусі перадухілілі мінулай ноччу польскія памежнікі. Найбольшая група мігрантаў налічвала каля сотні асобаў.

У бок польскіх службаў кідалі камяні ды шумавыя гранаты, а на відэа, якое апублікавала Памежная ахова Польшчы, бачна, што ў месцах спробаў прарыву прысутнічаюць беларускія сілавікі.

«Яшчэ колькі тыдняў таму [беларускія] службы крыху спрабавалі хаваць, што падтрымоўваюць нелегальную міграцыю, або бралі пасіўны ўдзел – то бок назіралі, увогуле не рэагуючы. А цяпер яны рэжуць калючы дрот, падвозяць прылады, дапамагаюць мігрантам перакідваць кладкі праз бар’еры», – кажа прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Агулам за мінулыя содні Памежная ахова Польшчы зафіксавала 267 спробаў незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы. А літоўскія памежнікі, якім дапамагаюць да двух тысяч вайскоўцаў, не пусцілі ў краіну 9 асобаў, якія хацелі незаконна мінуць мяжу. І гэта мінімальная з пачатку кастрычніка лічба спробаў нелегальна трапіць у Літву.

Восем з паловай тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў у раёны, што мяжуюць з Беларуссю, скіравала Украіна. Спецаперацыю «Палессе» пачала Дзяржаўная памежная служба супольна з сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Узброенымі сіламі Украіны для перадухілення незаконнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі. На мяжы для патрулявання і маніторынгу плануюць выкарыстаць авіяцыю, беспілотныя авіяцыйныя комплексы ды тэхнічныя сродкі назірання. На памежнай тэрыторыі на дарогах ставяць кантрольныя пасты, правяраюць аўтобусныя і чыгуначныя станцыі, працуюць з мясцовым насельніцтвам.

Для мігрантаў што знаходзяцца ў лагістычным цэнтры ля памежнага пераходу «Кузніца – Брузгі», беларускія вайскоўцы арганізавалі палявую лазню. Памежная служба Беларусі сцвярджае, што палякі выкарыстоўваць супраць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу, слезацечны газ і зброю.

Праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» апублікавала вынікі даследавання сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. З дакладу вынікае, што правы мігрантаў парушаюць абедзве краіны.

«Абыходжанне беларускіх уладаў з людзьмі ў памежнай зоне сягае ўзроўню як мінімум бесчалавечнага або прыніжальнага для годнасці абыходжання ці пакарання, а ў некаторых сітуацыях – і катаванняў, што парушае міжнародна-прававыя абавязкі Беларусі. (…) Дзеянні польскіх памежнікаў, якія выганяюць мігрантаў назад на беларускі бок, парушаюць права на прытулак, якое прызнаецца заканадаўствам Еўразвязу, у тым ліку – хартыяй аб асноўных правах», – гаворыцца ў дакладзе.

Паводле праваабаронцаў, улады Беларусі мусяць забяспечыць базавыя ўмовы для мігрантаў, даць магчымасць ахвотным вярнуцца ў свае краіны і пачаць расследаванне злачынстваў у дачыненні мігрантаў. Польскія ж улады маюць спыніць вяртанне мігрантаў, якія перайшлі мяжу, у Беларусь. І абедзве краіны павінны даць доступ да мігрантаў гуманітарным арганізацыям.

З пачатку года памежныя службы краінаў Еўразвязу перадухілілі больш за 40 тысяч спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Больш за сем з паловай тысяч мігрантаў здолелі трапіць за гэты час у Літву, Польшчу і Латвію. Паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, цяпер у Беларусі каля 15 тысяч мігрантаў, дзве тысячы з іх застаюцца ля мяжы з Еўразвязам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»