25 гадоў назад Беларусь павярнула ў мінулае


Растаптаў Канстытуцыю, разагнаў парламент, знішчыў незалежнасць судоў, раскалоў грамадства, але пры гэтым сканцэнтраваў у сваіх руках неабмежаваную ўладу. 25 гадоў назад Лукашэнка правеў рэферэндум, у выніку якога Беларусь з парламенцкай пераўтварылася ў прэзідэнцкую рэспубліку.

Некаторыя даследнікі называюць тыя падзеі дзяржаўным пераваротам. Той час згадвае Антон Каменскі.

Вясна 1995 года. Народных абраннікаў, якія абвесцілі галадоўку супраць рэферэндуму, на загад Лукашэнкі збівае АМАП. Пасля рэферэндуму нацыянальныя сімвалы змененыя на савецкія, расейская мова атрымала статус дзяржаўнай, а Лукашэнка займеў права распускаць парламент. Улетку наступнага года Лукашэнка заявіў аб намеры правесці чарговы рэферэндум.

«Лукашэнка абвесціў новы рэферэндум, на які вынес новую Канстытуцыю, якая, фактычна, зрабіла яго адзіным кіраўніком дзяржавы і гаспадаром», – узгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання Аляксандр Дабравольскі.

Увосень супрацьстаянне прэзідэнта з парламентам толькі абвастрылася.

«Дайшло да таго, што фракцыя «Грамадзянскае дзеяння» запусціла працэдуру імпічменту Аляксандру Лукашэнку. Сітуацыя для Лукашэнкі была хісткая, таму што сабралі неабходную колькасць подпісаў, каб запусціць працэдуру імпічменту», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання Анатоль Лябедзька.

Каб прымірыць бакі, у Менск прыляцелі прэм’ер-міністр Расеі ды кіраўнікі абедзвюх палатаў расейскага парламенту. На прэс-канферэнцыі Лукашэнка абвесціў супольнае рашэнне: «Президент Республики Беларусь отменят два своих указа от 5 ноября и 7 ноября, которые касаются обязательности голосования по Конституции на референдуме. Верховный совет отзывает из Конституционного суда все материалы, связанные с импичментом президента».

Тады ж канчаткова акрэслілі і дату плебісцыту – 24 лістапада. Аднак паўстала пытанне аб статусе вынікаў волевыяўлення беларусаў.

«Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне, што гэты рэферэндум можа быць толькі кансультацыйным, але Лукашэнка сваім указам увёў гэтую Канстытуцыю насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда», – кажа Аляксандр Дабравольскі.

Паводле афіцыйных звестак, яўка на рэферэндум склала больш за 84 адсоткі. З чатырох пытанняў, прапанаваных Лукашэнкам, выбарнікі падтрымалі два: аб пераўтварэнні парламенцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую і пераносе Дня незалежнасці з 27-га на 3-га ліпеня. Прапановы парламенту не прайшлі. За заяву аб шматлікіх парушэннях падчас рэферэндуму з пасады старшыні выбарчай камісіі быў зняты Віктар Ганчар. Ягонае месца заняла Лідзія Ярмошына. Падлікамі Ярмошынай Лукашэнка быў задаволены. «Референдум по моим данным, проведен безупречно», – заявіў тагачасны прэзідэнт.

У парламенце афіцыйнымі вынікамі былі расчараваныя. Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі назваў рэферэндум фарсам і дадаў:

«То, чего хотел Александр Григорьевич, он добился. То, что мы называем референдумом, это есть захват власти им, президентом, неконституционным путем».

Нязгодныя з вынікамі рэферэндуму, у адстаўку падалі 7 суддзяў і старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, намеснік міністра замежных справаў Андрэй Саннікаў, прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір і міністр працы Аляксандр Сасноў.

«На наступны дзень Лені Фішэр, прэзідэнтка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, сказала, што адбыўся канстытуцыйны пераварот. І гэтая фармулёўка потым фігуравала ў ацэнках многіх міжнародных арганізацый», – кажа Анатоль Лябедзька.

У выніку рэферэндуму Аляксандр Лукашэнка атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы, працягнуў свой першы прэзідэнцкі тэрмін на два гады, распусціў Вярхоўны Савет і стварыў новы двухпалатны парламент, куды асабіста прызначыў 110 лаяльных да яго дэпутатаў.

Антон Каменскі, «Белсат»