Еўразвяз узяў у абарот саюзнікаў Пуціна і Лукашэнкі


Брыльянты не назаўжды. Еўразвяз ужо рыхтуе новы пакет антываенных санкцыяў супраць Расеі, у які можа ўвайсці забарона расейскіх алмазаў. У бліжэйшыя некалькі тыдняў Аб’яднаная Еўропа вырашыць таксама, што рабіць з расейскім звадкаваным газам і лічбавымі прадуктамі. Пра гэта паведаміў міністр замежных справаў Польшчы пасля адмысловага паседжання з калегамі ў Люксембурзе. Таксама Еўразвяз бярэцца за саюзнікаў Пуціна і Лукашэнкі ў Цэнтральнай Азіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чым больш разбамбяць, тым больш заплацяць. Еўразвяз рыхтуе новыя антываенныя санкцыі супраць Расеі, якія прадугледжваюць аднаўленне інфраструктуры Украіны за кошт замарожаных расейскіх актываў. Пра гэта ў Бруселі на сустрэчы еўрапейскіх камісараў паведаміла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Новы 12-ы пакет антываенных санкцыяў абмеркавалі сёння і міністры замежных справаў Еўразвязу ў Бруселі.

«Кожная краіна, блізкая для Украіны, мае падрыхтаваны ўласны ўнёсак да 12-га пакету санкцыяў. Мы, Польшча, кажам пра расейскія алмазы, інфармацыйныя паслугі, звадкаваны газ. І, вядома, індывідуальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў вайскова-прамысловага сектару Расеі ды працаўнікоў прапаганды», – паведаміў журналістам міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў.

Нас абмяжоўваюць, а мы ўзмацняемся – эканамічна. Так на падрыхтоўку новага пакету рэагуюць і ў Крамлі, і ў Дзяржаўнай думе Расеі.

«Расея даўно, не адно дзесяцігоддзе жыве ў санкцыйным рэжыме. Таму мы да яго добра адаптаваліся. Што да новых пакетаў, то яны рыхтуюцца, і гэта добра вядома і прагназавана», – заявіў у аўторак прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Санкцыі могуць быць балючымі па-новаму. Літва прапаноўвае забараніць продаж у Расею нават іголак для шыцця, спіцаў для вязання і цвікоў, бо ўсё гэта можна выкарыстоўваць для вайны. А Расея не можа цалкам забяспечыць сябе цвікамі. Хутчэй за ўсё пакет прымуць у лістападзе, падзяліўся з намі прагнозам экс-міністр замежных справаў Літвы.

«12-ты пакет санкцыяў наспеў даўно. І гэта датычыцца не толькі алмазаў, што прайшло ў друк. І абыход санкцыяў трэцімі краінамі. Таму хутка гэта не атрымаецца», – патлумачыў «Белсату» Лінас Лінкявічус.

Сярод краінаў, што дапамагаюць Пуціну і Лукашэнку абыходзіць санкцыі, асабліва вылучаюцца краіны Цэнтральнай Азіі.

«Для рэжыму Лукашэнкі вельмі важна цяпер мець саюзнікаў, якія дапамогуць абыходзіць санкцыі. Цэнтральнаазіяцкія краіны атрымліваюць вялікія прыбыткі ад вынікаў вайны Расеі супраць Украіны. У прыватнасці, вялікая частка падсанкцыйнай прадукцыі, прызначанай для Расеі, ідзе пад выглядам таджыкскай, узбецкай і казахскай прадукцыі», – распавядае  старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Цяпер дзейнічае безліч розных схемаў, ад фірмаў-пракладак з капіталам расейскага паходжання, да фальшывага транзіту, калі еўрапейскі тавар не даязджае да афіцыйнага пакупніка, а знікае дзесьці ў Беларусі ці Расеі.

«Хтосьці адчыняе кампанію ў Еўразвязе, напрыклад, у Нямеччыне, і мае сваё фізічнае прадстаўніцтва. А гэтая юрыдычная асоба, калі падпісвае дамову з іншым бокам на тэрыторыі Казахстану ці краіны Цэнтральнай Азіі, то тавар нібыта ідзе ў трэцюю краіну», – тлумачыць адну са схемаў палітолаг і палітычны кансультант Дзмітрый Брыджэ.

І часта гэты тавар едзе праз беларуска-польскую мяжу.

«Гаворка пра прадукцыю не толькі шырокага грамадскага ўжытку. Гэта таксама прадукцыя ваенная. Як правіла, такую прадукцыю закупляюць пад выглядам цывільнай прадукцыі, а гэта могуць быць нейкія дэталі для ваенных самалётаў, ваенных установак. Таму мы цяпер часта камунікуем з еўрапейцамі, каб яны выпрацавалі механізм, дзейную экспертную групу, якая будзе ўсе лазейкі і шэрыя схемы прыкрываць», – распавёў «Белсату» Франак Вячорка.

Як мы распавядалі раней, за 2022 год краіны Цэнтральнай Азіі істотна нарасцілі афіцыйны таваразварот з Расеяй. Кыргызстан – на 40 %, Туркменістан – ажно на 86 %.

«Нават па статыстыцы мы бачым, як павялічыўся экспарт у гэтыя краіны. Не таму, што ў гэтых краінах спажыванне павысілася. А таму што яны, абыходзячы санкцыі, прадстаўляюць гэта ўсё Расеі», – нагадвае Лінас Лінкявічус.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: zib.com.ua

Еўразвяз, аднак, спрабуе перацягнуць цэнтральнаазіяцкіх партнёраў з шэрай эканомікі на светлы бок. У Люксембурзе напярэдадні адбылося паседжанне міністраў замежных справаў усіх краінаў Еўразвязу і ўсіх краінаў Цэнтральнай Азіі. Удзельнікі пагадзіліся працягваць стратэгічнае супрацоўніцтва і прынялі Дарожную мапу паглыблення сувязяў – дакумент з канкрэтнымі крокамі на збліжэнне.

«Еўразвяз праінфармаваў аб 11 прынятых на сёння пакетах санкцыяў і адзначыў важнасць супрацы ў кантэксце санкцыйнага рэжыму ЕЗ. Еўразвяз падкрэсліў важнасць недапушчэння абыходу санкцыяў, і ўдзельнікі пагадзіліся працягваць сваю супрацу ў гэтым кірунку», – такія словы ўтрымлівае Супольная заява 19-га паседжання міністраў краінаў Еўразвязу і Цэнтральнай Азіі.

Гэта не значыць, што кіраўніцтва гэтых краінаў адмовіцца ад шэрых схемаў ужо заўтра.

«Пакуль што краінам Цэнтральнай Азіі выгадная сітуацыя, звязаная з санкцыямі. Бо няма непасрэднай сувязі між Расеяй і Еўразвязам ды ЗША. А яны зʼяўляюцца звяном, трэцім бокам, які дапамагае вырашаць праблемы з лагістыкай, фінансамі, банкаўскім сектарам», – мяркуе палітолаг і палітычны кансультант Дзмітрый Брыджэ.

Але варта адзначыць скаардынаванасць працэсу. Калі ў Люксембурзе прымалі міністраў замежных справаў, ва Узбекістан прыляцела дэлегацыя ЗША на чале з кіраўніцай Агенцтва міжнароднага развіцця (USAID). Саманта Паўэр абмеркавала магчымыя амерыканскія інвестыцыі і з прэзідэнтам Узбекістану, і з рознымі міністрамі ўсіх пяці краінаў Цэнтральнай Азіі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»