Менскі Форум у Бруселі


Дэмакратычныя сілы Беларусі будуць мець сваё прадстаўніцтва не толькі ў суседніх дзяржавах, але і ў Бруселі. Пра гэта «Белсат» даведаўся непасрэдна ў бельгійскай сталіцы падчас Менскага форуму, які прайшоў спачатку ў Федэральным парламенце Бельгіі, а потым у Еўрапарламенце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аб’яднаная Еўропа ўважліва сочыць за дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі і за эфектам ад санкцыяў Захаду – паведаміў «Белсату» Дырк Шубэль, які раней быў амбасадарам Еўразвязу ў Менску.

«Мы бачым, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, і гэта не толькі вынік падзеяў у свеце, але і санкцыяў. Нашыя эксперты яшчэ прааналізуюць іх уплыў», – патлумачыў спецпасланнік у справе «Усходняга Партнёрства» Дырк Шубэль.

Еўразвяз заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць удзел у агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны. Але нязменным застаецца патрабаванне вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў ды спыніць рэпрэсіі.

«Рэжым Лукашэнкі дакладна ведае, што рабіць, каб мы знялі санкцыі. Высновы Рады Еўразвязу ад кастрычніка 2020 года актуальныя і сёння. Але, на жаль, мы бачым хутчэй пагаршэнне сітуацыі», – падсумаваў дыпламат.

Паразмаўляць са спецпасланнікам Еўразвязу «Белсат» змог у Бруселі, дзе прайшла адмысловая сесія Менскага Форуму пад назвай «Стасункі Еўразвяз-Беларусь: невырашальная дылема?»

Адна з праблемаў – неразвязанае пытанне аб прадстаўніцтве Офісу Святланы Ціханоўскай на агульнаеўрапейскім узроўні, як удзельніцы прэзідэнцкіх выбараў і прадстаўніцы беларускага народу на міжнародным узроўні.

«Грамадства ў Беларусі раскалолася не толькі на пралукашэнкаўскае і пратэставае. Але зʼявілася і новае дыяспаральнае грамадства. І пытанне, як абʼяднаць гэтае грамадства, дасягнуць кампрамісу», – мяркуе Андрэй Лаўрухін, які на Форуме прадстаўляў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS).

Але голас беларусаў у Еўропе чуюць, насуперак таму, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў Беларусь саўдзельніцай ваенных злачынстваў Масквы, ігнаруючы волю беларускага народу.

«Прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у Бруселі закладзена і плануецца афіцыйны запуск бліжэй да снежня», – паведаміла Алена Карасцялёва, заснавальніца OXFORD BELARUS OBSERVATORY (Вялікая Брытанія).

Гэта важны крок, мяркуе прафесар Алена Карасцялёва:

«З аднаго боку, жэст бельгійскага ўраду аб поўным прызнанні дэмакратычных сілаў у Беларусі. З іншага боку, гэта дасць магчымасць шчыльнай супрацы з еўрапейскімі інстытутамі, асабліва ў развіцці новых рамкавых стасункаў для Беларусі».

Тут паказальны і сам Менскі Форум, як міжнародная пляцоўка. Ён дзесяцігоддзямі праходзіў у нашай сталіцы, з мэтай наладзіць міжрэгіянальную супрацу. А сёння, ва ўмовах татальных рэпрэсіяў, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці сустракаюцца з прадстаўнікамі Еўразвязу спачатку ў Федэральным парламенце Бельгіі, а потым – у Еўрапейскім парламенце. Праўда, цяпер рэжым Лукашэнкі не загадвае сваім прадстаўнікам удзельнічаць у Форуме дзеля імітацыі дыялогу.

«Калі раней мы казалі: трэба ўратаваць грамадства, то цяпер кажам: трэба ратаваць краіну. І нават трэба ратаваць тых, хто жыве навокал Беларусі, і з кім Лукашэнка пачаў вайну – то бок Украіну», – тлумачыць еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, удзельнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах Беларусі.

Для вырашэння беларуска-еўразвязаўскай дылемы першаснае – гэта рашэнне праблемы пуцінскага імперыялізму, падкрэслівае Пятрас Аўштравічус. Еўрадэпутат заклікаў Аляксандра Лукашэнку памятаць пра трыбунал у Нюрнбэргу падчас развагаў, ці загадваць беларускім вайскоўцам ісці ў атаку за Расею.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»