Гайкі працягваюць закручвацца: зноў суд над журналістам і новыя «экстрэмісты»


Ужо не проста «схільныя да экстрэмізму» – у класіфікацыі кіраўнікоў папраўчых установаў, а экстрэмісты – паводле беларускага рэжыму. Нашых калегаў, палітзняволеных Кацярыну Андрэеву і Уладзіміра Мацкевіча, унеслі ў так званы «спіс экстрэмістаў», які складае Міністэрства ўнутраных справаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Што можа змяніць унясенне ў спіс у выпадку Каці Андрэевай? Ёй далі восем гадоў. Што з таго, што яна будзе ў спісе тэрарыстаў? Яна і так не зможа выехаць з краіны. Але гэта робіцца менавіта для таго, каб паказаць сваю працу», – кажа віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

У абноўлены «спіс экстрэмістаў» трапілі таксама Зміцер і Наста Дашкевічы, шэраг актывістаў, блогераў, студэнтаў. Агулам цяпер у спісе 843 асобы. Большая частка з іх адбывае пакаранне за нібыта арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або за актыўны ўдзел у іх. Паплечніца і былая жонка Уладзіміра Мацкевіча Святлана Мацкевіч нагадвае, што ніводзін з судоў ва ўсіх гэтых справах не грунтаваўся на рэальных нормах права.

«Ва ўмовах бяспраўя лічыць гэтыя суды аб’ектыўнымі мы не можам. Уласна, не было нават магчымасці і нагоды разбірацца, што такое экстрэмізм, што такое масавыя беспарадкі і гэтак далей», – кажа Святлана Мацкевіч.

Не прапісаныя выразна пытанні, што датычаць экстрэмісцкай дзейнасці, і ў беларускім заканадаўстве, падкрэслівае праваабаронца Васіль Завадскі.

«Як я разумею, і зараз, і раней экстрэмістамі прызнае МУС. То бок няма ніякіх судовых пасяджэнняў, рашэнняў суда, і складана, я думаю, а ў выпадку са зняволенымі можна сказаць што амаль немагчыма абскардзіць гэтае рашэнне», – падкрэслівае Васіль Завадскі.

Чым можа абярнуцца для зняволеных прызнанне «экстрэмістамі» – залежыць ад кіраўніцтва месцаў зняволення, адзначае Васіль Завадскі. Але ў кожным выпадку гэта ўскладніць для вязняў адбыванне пакарання.

«Няма, на жаль, канкрэтна пазначаных дзеянняў, якія абавязана выконваць ці не выконваць адміністрацыя ўстановы. І гэта значыць, што тут будзе, што называецца, хто на што гаразд, хто да чаго схільны. Могуць, напрыклад, узнікнуць праблемы атрымання грашовай дапамогі, пераводаў», – лічыць Васіль Завадскі.

Паводле экстрэмісцкага артыкулу ў Менскім гарадскім судзе пачалі сёння судзіць чарговага незалежнага журналіста – Аляксандра Любянчука. Яго абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім. Справу разглядае суддзя Алена Ананіч. Алесь Любянчук, затрыманы сёлета ў траўні, да 2020-га года працаваў журналістам, трапляў пад арышт за працу падчас паслявыбарчых акцыяў пратэсту.

«Да свайго затрымання Алесь ужо адышоў ад актыўнай працы, ён займаўся краязнаўствам, культурнымі праектамі, і для многіх калег яго затрыманне стала нечаканасцю», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Сёння працягнуўся суд і ў справе былога гарадзенскага незалежнага журналіста Яўгена Меркіса. Затрыманнямі ды крымінальнымі справамі супраць незалежных журналістаў рэжым выштурхоўвае іх з краіны, мяркуе Барыс Гарэцкі. Робіцца гэта для таго, каб абмежаваць плынь інфармацыі.

«Многія працэсы, многія справы, многія зʼявы, што ў Беларусі адбываюцца, сыходзяць у шэрую зону, калі журналісты ведаюць пра іх, але не могуць напісаць, а людзі таксама ведаюць пра тое ці іншае здарэнне, але запалоханыя, зацятыя страхам і не паведамляюць у медыя», – падкрэслівае Барыс Гарэцкі.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі сёння застаюцца 32 асобы, чыя дзейнасць была звязаная з медыямі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»