BYPOL: Забойцы Рамана Бандарэнкі вядомыя


Новыя падрабязнасці падзеяў вакол смерці грамадскага актывіста з Менску Рамана Бандарэнкі. Ініцыятыва BYPOL апублікавала чарговае расследаванне, у якім называе імёны тых, хто, як цвердзяць аўтары расследавання, забіў маладзёна ў лістападзе летась за яго палітычную і грамадзянскую пазіцыю.

«Раман Бандарэнка. Генпракуратура хавае выканаўцаў забойства» – менавіта пад гэткаю назваю сёння пабачыла свет чарговае расследаванне ініцыятывы «BYPOL». Сілавікі, якія летась перайшлі на бок народу, цвердзяць, што рэзанансная смерць менчука Рамана Бандарэнкі, выкрадзенага летась 11-га лістапада ва ўласным двары і памерлага ў выніку жорсткага збіцця, цалкам раскрытае.

«Фігуранты, якія непасрэдна нанеслі цялесныя пашкоджанні Раману Бандарэнку, ад якіх ён памёр, вызначаныя – гэта байцы САХР, безумоўна. Фактычна засталося толькі прызнаць іх падазраванымі, дапытаць і вызначыць, хто непасрэдна дзейнічаў, што адбывалася ў гэтым службовым бусе, аформіць пратакол допыту вочных ставак – і, у прынцыпе, справе канец, можна перадаваць пракурору дзеля накіравання ў суд», – адзначае прадстаўнік BYPOL і адзін з аўтараў расследавання Алег Талерчык.

«Калі ByPol, які ўвогуле цяпер не ў краіне, змаглі гэтую інфармацыю сабраць, то… Можа, яна і не праўдзівая, не на 100 адсоткаў праўдзівая, магчыма, недзе з нейкіх пазлаў і інакш бы склалася карціна. Але я ўпэўненая, што праваахоўныя органы маюць гэтую інфармацыю і значна больш інфармацыі», – кажа сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка.

Роўна тыдзень таму Генпракуратура прыпыніла справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі – якраз «з прычыны немагчымасці вызначыць асобу, якую можна прыцягнуць у якасці абвінавачванага». «BYPOL» цвердзіць, што сваё расследаванне праводзіў, абапіраючыся на інфармацыю, да якой Генпракуратура доступ мае – адпаведна, следчыя, верныя Лукашэнку, хлусяць. А таму акрамя непасрэдных забойцаў, якім, паводле сённяшняга заканадаўства, пагражае нават смяротнае пакаранне, да адказнасці могуць быць прыцягнутыя й тыя, хто пакрывае злачынцаў сёння.

«Трэба будзе глядзець матэрыялы справы, як вялося расследаванне: або тут бяздзеянне ўпаўнаважанай асобы, або тут фальсіфікацыя доказаў. Гэта ўжо будзе відаць паводле саміх матэрыялаў справы: як яны «працавалі», чаму гэтак доўга яны не могуць вызначыць асобаў у якасці падазраваных, хаця тут усё відавочна», – кажа Талерчык.

Дарэчы, на свядомую хлусню як нязменную пазіцыю афіцыйнага следства звяртаюць увагу і сваякі забітага. Сястра Рамана Вольга нагадвае, што менавіта ў тэлеґрам-канале Следчага камітэту ўпершыню з’явілася інфармацыя, што ў трагічны вечар Раман Бандарэнка быў пʼяны.

«Дакладна гэтаксама на гэтым тыдні, калі прыпынілі справу, яны ў тэлеграм-канале Генеральнай пракуратуры абвясцілі, што мама ўжо тыдзень як паінфармаваная пра тое, што справу збіраюцца прыпыняць, а насамрэч гэта таксама няпраўда!» – абураецца Вольга.

Насамрэч мама Рамана Бандарэнкі даведалася пра прыпыненне справы ўжо пастфактум – пасля таго, як навіна зʼявілася ў тэлеґрам-каналах. І менавіта таму жанчына ў роспачы звярнулася па дапамогу да ўсіх неабыякавых, найперш – да магчымых сведкаў злачынства:

«Вялікая просьба адгукнуцца на мой зварот. Таму што, магчыма, менавіта вы, вашае сведчанне дапаможа ў расследаванні справы і выяўленні вінаватых асобаў у здзяйсненні выкрадання і забойства майго сына».

Цяперашняе расследаванне «BYPOL» цікавае яшчэ й тым, што акрамя забойцаў Рамана Бандарэнкі называе тых, хто насамрэч спланаваў і здзейсніў адключэнне вады й ацяплення ў пратэставым сталічным мікрараёне Новая Баравая якраз у дні, калі Менск літаральна засыпала снегам. Гэткім чынам, цвердзяць аўтары расследавання, лукашэнкаўцы хацелі адпомсціць грамадзянам за іхную актыўную пазіцыю.

Валера Руселік, «Белсат»