Санкцыі супраць адказных за нелегальную міграцыю


Улады Польшчы накіравалі гуманітарны груз у стыхійны лагер уцекачоў на беларуска-польскім памежжы. Ён чакае дазволу беларускіх чыноўнікаў. Скіравала Польшча і дадатковы патруль праваахоўнікаў у Літву, дзе не спыняецца плынь нелегальнай міграцыі. Сітуацыю там сёння абмеркавалі з удзелам аўстрыйскіх палітыкаў, дзе прапанавалі ўздзейнічаць на сітуацыю новымі санкцыямі.

Аўстрыя – адна з першых краінаў, якая працягнула руку дапамогі Літве ва ўрэгуляванні крызісу з мігрантамі. На мяжы працуюць афіцэры аўстрыйскага спецназу, напярэдадні Вена накіравала гуманітарную дапамогу, а сёння даставіла 50 модульных катэджаў для ўцекачоў. Дэлегацыя міністраў Аўстрыі ды Літвы наведала памежны ўчастак і лагер для мігрантаў.

«Мы павінны накіраваць цалкам выразны сігнал не толькі Беларусі, але і кожнаму дыктатару, які пастановіць выкарыстоўваць такі інструмент супраць Еўразвязу або якой-небудзь дзяржавы-чальца: яму гэта не толькі не ўдасца, але ён атрымае адказ», – заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Адзін з адказаў, паводле міністра замежных справаў Літвы, – новыя санкцыі супраць беларускага рэжыму.

«Я лічу, што адказ таксама павінен уключаць санкцыйны спіс людзей, адказных за ператварэнне міграцыі ў форму ціску зброяй, якая не спрацуе», – дадае міністр МЗС Аўстрыі Александэр Шаленбэрг.

Александэр Шаленбэрг заклікаў размаўляць з краінамі паходжання і транзіту ўцекачоў. Тыя падкрэсліваюць, што бягуць з радзімы не ад добрага жыцця.

«У нас, у Алепа, вайна. Немагчыма і хвіліну там пражыць. Мой бацька загінуў, бо не паспеў выбегчы з дому, у які патрапіла ракета. І маё дзіця, яму 10 месяцаў, загінула», – дзеліцца мігрант з Сірыі Абдул.

А еўрапейскія чыноўнікі зазначаюць, што пасля перамоваў з Іракам стала ясна, што гэта паспяховая тактыка.

«Еўразвяз не дазволіць трэцім краінам шантажаваць сябе нелегальнымі мігрантамі. Мы не дазволім такім чынам уплываць на палітыку ЕЗ. Беларусь, карыстаючыся пакутамі людзей, спрабуе паўплываць на палітыку ЕЗ», – кажа міністр МУС Аўстрыі Карл Нэгамэр.

8 намётаў, 80 раскладушак, 160 коўдраў і 80 камплектаў піжамы плюс сродкі індывідуальнай абароны. Польшча накіравала транспарт з гуманітарнаю дапамогаю мігрантам, якія апынуліся ў пастцы на мяжы з Беларуссю. Юрыдычна, яны застаюцца на тэрыторыі нашае краіны. Улады апошнімі месяцамі, ператварылі Беларусь у выгодны транзітны праход для нелегальных мігрантаў у Еўропу. Цяпер гуманітарны канвой чакае дазволу ад афіцыйнага Менску, каб перадаць дапамогу мігрантам.

«Мы чакаем адказу, ці ёсць згода з беларускага боку. На жаль, інфармацыі няма. Беларусь пацвярджае, што такую ноту ад нас атрымала, што нашая прапанова ёсць на стале. Пакуль відавочна, што рашэнне ў Менску будзе прынятае на высокім узроўні. На гэты момант няма пастановы. Мы гатовыя, грузавік ужо на пункце пропуску ў Баброўніках», – кажа намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Польшча таксама гатовая дасылаць мігрантам харчы ды лекі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, 24 асобы – 20 мужчынаў і чатыры жанчыны – лагеруюць 16 дзён каля Уснажу-Гурнага на польска-беларускай мяжы. За апошнія содні 126 чалавек спрабавалі нелегальна мінуць мяжу.

Каця Малей, «Белсат»