Продажы падаюць – вытворчасць збіраюцца нарошчваць


Амаль у 6 разоў. Гэта паказнік абвалу продажаў аўтобусаў МАЗ на расейскім рынку за сёлетні чэрвень адносна аналагічнага мінулагодняга перыяду. Звесткі падае расейская аналітычная кампанія «Автосельхозмаш-холдинг».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі падрабязней, то за мінулы месяц прададзеныя былі 33 аўтобусы супраць 1888 у 2022-м. Прысутнасць МАЗу на расейскім рынку скарацілася на 17%.

«Зараз праблема не ў тым, што МАЗ не можа сабраць гэты аўтобус. Праблема, што не можа больш прадаць на расейскім рынку. Бо МАЗ не мае камерцыйных здзелак – заўсёды гэта пагадненні паміж Менгарвыканкамам і якой-небудзь дзяржаўнай установай у той ці іншай вобласці Расеі», – кажа блогер і бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

На гэтым фоне МАЗ збіраецца будаваць у Менску новы вытворчы корпус плошчаю восем з паловаю гектараў. Закончыць будоўлю плануюць у 2025 годзе. Мэта – вырабляць да трох тысячаў аўтобусаў за год. Папярэдні кошт праекту – 100 мільёнаў долараў. Са словаў намесніцы кіраўніка Менгарвыканкаму Надзеі Лазарэвіч, спатрэбіцца і дадатковае фінансаванне. Маўляў, гэты момант ужо ўзгадніў Лукашэнка.

«Пад інвестыцыі ў нарошчванне магутнасці браліся крэдыты. Адпаведна будзе расці пазыковая нагрузка на прадпрыемства – гэта значыць, што з кожнага рубля выручкі ў два-тры разы больш сродкаў на абслугоўванне крэдытаў. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да зніжэння прыбытку і зніжэння магчымасці прадпрыемства выплачваць заробак», – дадае старэйшы навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

«Бізнес беларускіх дзяржпрадпрымальнікаў не ў тым, каб прадаваць і зарабляць прыбытак, а ў тым, каб засвойваць дзяржаўныя грошы. І тут як бы ідзе справа пра 100 мільёнаў, якія вылучаныя на гэтыя мэты Менгарвыканкамам, але гэтае будаўніцтва вялікае – там амаль 200 мільёнаў долараў», – выказвае думку Аляксандр Кныровіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобусы МАЗ у Кіеве.
Фота: traffic.od.ua

Новы корпус МАЗу будзе мець адрас вуліца Сацыялістычная, 2. Яго паставяць усяго за 46 метраў ад найбліжэйшай жылой забудовы. Паводле экалагічнай арганізацыі «Экадом», цяпер узровень забруджвання паветра ў Заводскім раёне ўжо перавышае нарматывы ў паўтара-два разы. Таксама праект парушае патрабаванні да памеру базавых санітарна-ахоўных зонаў, што прадугледжаныя генеральным планам Менску.

На мінулым тыдні МАЗ падпісаў кантракт на экспарт беларускай тэхнікі ў Манагуа – сталіцу Нікарагуа. Адлегласць паміж нашымі краінамі – больш за 10 000 кіламетраў. Эканаміст Алег Мазоль зазначае, што для таго, каб хаця б паспрабаваць атрымаць прыбытак ад продажу тэхнікі ў настолькі аддаленыя краіны, трэба ствараць магутнасці для транспартавання і абслугоўвання. Гэта дадатковыя інвестыцыі на мільёны долараў. Самы ж прыбытковы для беларускага МАЗу пасля расейскага рынку – рынак Украіны – быў страчаны.

«Ніякія пастаўкі ў Нікарагуа ці іншую так званую дружалюбную рэжыму Лукашэнкі краіну не кампенсуюць стратаў украінскага рынку, а з расейскага рынку МАЗ будуць выціскаць пастаўшчыкі аўтатэхнікі з Кітаю. На мой погляд, пастаўкі ў Нікарагуа – гэта не больш чым чарговая нагода для адміністрацыі Лукашэнкі крычаць з кожнага прасу, як яны кожны дзень перамагаюць санкцыйны ціск Захаду», – кажа Алег Мазоль.

Застаюцца пытанні да якасці і бяспекі прадукцыі, што вырабляе МАЗ. Толькі за сёлетні чэрвень вядома пра два выпадкі раптоўнага загарання беларускіх аўтобусаў у Пецярбурзе. Як мінімум шэсць мазаўскіх аўтобусаў гарэлі ў Расеі летась. Адміністрацыя МАЗу тлумачыць знядзеянне машынаў санкцыйным ціскам.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»